Кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі асудзіў нападкі беларускіх уладаў на свабоду прэсы



Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дамінік Рааб асудзіў дзеянні ўладаў Беларусі, скіраваныя супраць свабоды прэсы. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў „Твітэры„.

„Беларускія ўлады працягваюць пераследаваць Бі-бі-сі, мясцовыя і міжнародныя СМІ, пазбаўляючы іх акрэдытацыі, [неабходнай] для вядзення рэпартажаў з Беларусі. Я асуджаю гэтыя відавочныя нападкі на свабоду прэсы”, — заявіў кіраўнік брытанскай дыпламатыі.

29 жніўня стала вядома, што замежных і беларускіх журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ, масава пазбаўляюць акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Ануляваныя акрэдытацыі Ільі Кузняцова, Сяргея Сяргеева і Міхаіла Фаміна (грамадзяне РФ, карэспандэнты нямецкага тэлеканала ARD), Таццяны Мельнічук і Таццяны Януцэвіч (Бі-бі-сі), Алеся Дашчынскага, Алега Груздзіловіча, Уладзіміра Грыдзіна і Аляксандры Дынько („Радыё Свабода”), Васіля Фядосенкі і Уладзіміра Косціна (Reuters), Сяргея Гапона і Аляксандра Грабёнкіна (AFP), Сяргея Грыца і Юрыя Карманава (Associated Press), Генадзя Шарыпкіна (RFI), Рамана Васюковіча („Настоящее время”).

Рашэнне аб пазбаўленні акрэдытацыі журналістаў МЗС прыняла міжведамасная камісія па бяспецы ў інфармацыйнай сферы. Яна была створаная паводле ўказа Аляксандра Лукашэнкі ў 2017 годзе. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі кіраўніцтва Савета бяспекі, Адміністрацыі прэзідэнта, Камітэта дзяржбяспекі, Міністэрства абароны, Міністэрства інфармацыі, іншых дзяржструктур.

Выканаўца абавязкаў прэзідэнта медыякарпарацыі „Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода” Дэйзі Сіндэлар выступіла з заявай адносна пазбаўлення акрэдытацыі карэспандэнтаў „Радыё Свабода”. „Пазбаўленне нашых журналістаў акрэдытацыі без абгрунтавання ці прычыны — гэта адчайны крок аўтарытарнага ўрада, каб здушыць незалежныя СМІ і жорстка кантраляваць доступ да вартай даверу інфармацыі ўнутры Беларусі. Гэта парушэнне міжнародных стандартаў і напад на беларускі народ, які спадзяецца на нас”, — падкрэсліла яна.

Дзеянні ўладаў Беларусі ў дачыненні да журналістаў рэзка асудзіла Аўстрыя. „Пазбаўленне журналістаў, у тым ліку якія працуюць на замежныя СМІ, акрэдытацыі — гэта беспрэцэдэнтны напад на свабоду СМІ, — гаворыцца ў паведамленні на старонцы знешнепалітычнага ведамства краіны ў „Твітэры”. — Аўстрыя асуджае гэтую абуральную спробу стрымання аб`ектыўнага асвятлення падзей і заклікае беларускія ўлады неадкладна спыніць пераслед журналістаў”.

belapan.by