Рэдактара сайта Orsha.eu Ігара Казмерчака папярэдзілі



Пракуратура Аршанскага раёну вынесла папярэджанне рэдактару сайта Orsha.eu Ігару Казмерчаку. Яму ўказана на недапушчальнасць правядзення мітынгаў у Воршы ў нядзелю. Акурат мірная акцыя плануецца 30-га жніўня ў цэнтры горада.

Да Казмерчака прыйшлі памочніца пракурора і міліцыянт. Яны патлумачылі, што ў ходзе пракурорскай праверкі на Orsha.eu быў выяўлены артыкул «Аршанскія пратэсты. Што далей?»? у якім паведамлялася, што чарговая вялікая акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў пройдзе 30 жніўня а 14-й гадзіне.

Сілавікамі гэтая інфармацыя была ўспрынята як заклік і арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. У выніку кароткай размовы Ігару Казмерчаку было выпісана «афіцыйнае папярэджанне» аб тым, што ён не мусіць удзельнічаць у акцыі, інакш яму пагражаюць «суткі». Пры гэтым на пытанне Ігара «а ці можна праходзіць міма ці пастаяць побач з акцыяй», работніца пракуратуры растлумачыла, што ўдзел у акцыі і пастаяць побач — розныя рэчы. На гэтым размова і скончылася.