Праваабаронцы: мінімум 11 затрыманых падчас жаночага маршу салідарнасці ў Менску



Падчас жаночага маршу салідарнасці, які прайшоў 29 жніўня ў Менску, было затрымана мінімум 11 чалавек, паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.

Так, паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманыя: Аляксей Арлоў, Ігар Таболіч, Сяргей Саніковіч, Іван Трафімчык, Вадзім Перагуд, Аляксандр Шалыгін, Аляксандр Мірончанка, Дзмітрый Жыбуль, Глеб Валашко.

Таксама з прымяненнем сілы былі затрыманыя АМАПам муж і жонка Аляксандр і Наталля Раентавы, якіх сілавікі выцягнулі з тралейбуса № 29.

Акрамя таго падчас акцыі былі затрыманыя карэспандэнт „Радыё Свабода” Алесь Пілецкі і відэааператар Андрэй Рабчык, а таксама карэспандэнт тэлеканала „Белсат” Дзмітрый Міцкевіч. Іх адвезлі ў Кастрычніцкае РУУС, а пазней вызвалілі.

У жаночым маршы салідарнасці, паводле ацэнкі праваабаронцаў, узялі ўдзел каля 10 тысяч чалавек.Таксама паведамляецца, што асуджаных да адміністрацыйных арыштаў 28 жніўня дэманстрантаў перавезлі ў ІЧУ Жодзіна. У спісе арыштантаў 60 чалавек.

belapan.by