Беларускія спартоўцы выступілі з патрабаваннем правесці новыя выбары прэзідэнта
Больш за 350 беларускіх спартсменаў выступілі з публічным патрабаваннем прызнаць несапраўднымі прэзідэнцкія выбары і правесці паўторныя выбары кіраўніка дзяржавы.
Зварот спартоўцаў апублікавала выданне Tribuna.com. Паведамляецца, што сярод падпісантаў ліста чэмпіёны свету і Еўропы, алімпійскія прызёры, заслужаныя майстры спорту, у тым ліку Андрэй Краўчанка, Дзмітрый Асанаў, Сцяпан Папоў, Аляксандра Герасіменя, Наталля Лешчык, Эльвіра Герман, Марына Арзамасава, Ганна Гуськова, Аляксандра Раманоўская, Алена Леўчанка, Меліціна Станюта.
Акрамя правядзення паўторных выбараў, у сваім звароце спартсмены настойваюць на адстаўцы цяперашняга складу ЦВК, вызваленні і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў, а таксама правядзенні праверкі законнасці дзеянняў праваахоўных органаў, пачынаючы з моманту збору подпісаў для вылучэння ў кандыдаты ў прэзідэнты.
Таксама ў звароце ўтрымліваецца патрабаванне „выявіць і пакараць вінаватых у збіцці і зверскіх здзеках над грамадзянамі, затрыманымі падчас мірных дэманстрацый. Кіраўнікі сілавых структур, адказных за гвалт, павінны падаць у адстаўку”.
Падпісанты заявілі, што ў выпадку ціску на іх з боку ўладаў яны будуць дзейнічаць салідарна, аж да адмовы ад удзелу ў міжнародных спартыўных спаборніцтвах. „У выпадку з’яўлення інфармацыі аб спробах ціску, пагроз звальнення або парушэннях правоў прадстаўнікоў спорту, якія падпісаліся пад гэтым лістом, усе спартсмены будуць дзейнічаць салідарна, аж да магчымай адмовы ад выступу за нацыянальную зборную краіны, або адмовы ад арганізацыі міжнародных і нацыянальных спартыўных мерапрыемстваў. Акрамя таго, дадзеныя факты неадкладна будуць накіраваныя ў МАК, міжнародныя спартыўныя федэрацыі і камітэты „, – гаворыцца ў заяве.