Хельга Шмід з візітам у Менску (абноўлена)
У Менск прыбыла з візітам намеснік генсакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельга Шмід. Сёння раніцай яна сустрэлася з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС. „Бакі абмеркавалі стан дачыненняў і перспектывы развіцця супрацы паміж Беларуссю і Еўрапейскім звязам па шырокаму колу напрамкаў, уключаючы ўдзел Беларусі ў ініцыятыве „Усходняе партнёрства”, – гаворыцца ў паведамленні.
Мэта аднадзённага візіту Хэльгі Шмід – азнаёміцца са станам спраў у дачыненнях ЕЗ і Беларусі. Акрамя перамоў з уладамі, у Менску ў яе запланавана сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.
„Улады праводзяць тыдзень адкрытых дзвярэй для еўрапейскіх і амерыканскіх чыноўнікаў,” – мяркуе лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Менск наведаюць шэраг высокапастаўленых асоб, сярод іх спецдакладчык ПАРЕ Андрэа Рыгоні, Сандра Каліэтэ з Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце ды памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША Эрык Рубін. У іх запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйнага Менска і апазіцыяй.
„Сёння геапалітыка пераважае правы чалавека і каштоўнасці, на якіх базуецца Еўропа,” – так візіт заходніх чыноўнікаў каментуе старшыня АГП:
– Гэта такі геапалітычны трэнд. Тут многае залежыць ад пэўных чыноўнікаў, нават ад Аляксандра Лукашэнкі. Так складваюцца абставіны. Наша задача зараз – выпрацаваць яснае пасланне да міжнароднай супольнасці. Я кажу пра прыхільнікаў перамен у Беларусі. Вельмі важна зараз размаўляць з прадстаўнікамі розных міжнародных арганізацый адным голасам. Гэта значыць, шкала прыярытэту павінна быць аднолькавай: палітычныя вязні, свабодныя і сумленныя выбары.
„Мы не супраць размарожвання дачыненняў на лініі афіцыйны Менск-Захад, але нельга пры гэтым ігнараваць базавыя каштоўнасці,” – падкрэслівае Анатоль Лябедзька. Заўтра старшыня АГП сустрэнецца з прадстаўніком ПАРЕ, а 27-га лютага – з намесніцай старшыні Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце Сандрай Калніэтэ, сустрэнуцца таксама лідары Пыртыі БНФ, Руху „За свабоду”, БХД ды „Гавары праўду!”.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Намеснік генеральнага сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельга Шмід наведае 24 лютага з візітам Беларусь.
Як паведамілі ў прадстаўніцтве Еўразвязу ў Менску, у час візіту запланаваны сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх уладаў і грамадзянскай супольнасці. Мэта візіту Хельгі Шмід — азнаёміцца з тым, як выглядаюць цяпер дачыненні Беларусі ды Еўразвязу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота telegraaf.nl