Размовы з людзьмі



У цяжкія часы ёсць людзі, якімі ты захапляешся і каго паважаеш: тыя, хто не ідзе на барыкады ў змаганні за высокія ідэалы, але жыве па сумленні і робіць сваю справу.

Хтосьці медык, хтосьці цырульнік, хтосьці спрабуе займацца бізнэсам, а хтосьці – пенсіянер… Проста ім не ўсё адно, і людзі разумеюць, што нельга біць людзей, нават калі яны, выбачайце, прастытуткі і наркаманы. Злодзеі і махляры. Ёсць затрыманне і ёсць суд, каб разабрацца, раз ужо мы жывем у 21 ст. І ўсё ж ёсць жанчыны, якія ходзяць на мітынгі, чытаюць, пішуць, выдаюць кніжкі, а ёсць тыя, хто жыве ў ружовым гета побач з гета сапраўдным. Так было ў Германіі 1930-х/40-х, так былы ў СССР у 1937 +/-.

Прыдумай сабе свой свет… Гэта працуе ў абодва бакі. Можна проста ігнараваць непрыемнасці і сцябацца з дзевачкі з бел-чырвона-белым сцягам, што хаваецца ў тваім пад’ездзе. Можна здаць яе куды трэба (можна – не здаваць). Межы прыстойнасці зрушваюцца па жаданні. Галоўнае не забывацца пра свой камфорт. Крэдыт. Касметолага. І высыпацца. І хадзіць на фітнэс. Не чытаць дрэнных навінаў. Жаночая салідарнасць? Не, ніякіх бел-чырвона-белых колераў у адзенні. Яны самі вінаваты. Не хадзі, куды не трэба.

І нікуды не дзенешся ў Беларусі ад словаў пастара Марціна Німёлера.

Калі нацысты прыйшлі за камуністамі,

Я маўчаў.

Я не быў камуністам.

Калі яны саджалі сацыял-дэмакратаў,

Я маўчаў.

Я не быў сацыял-дэмакратам…

Потым былі прафсаюзы і габрэі… А потым ужо ўсе астатнія. І ніхто не заступіўся, бо не было каму. Лагічна. Не заступішся за пакрыўджанага (справай, словам, думкай!) – ніхто не заступіцца за цябе пакрыўджаную.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ