Ганна Севярынец: Галоўная загана беларускай школы – адсутнасць свабоды



«Усё, што ты робіш, і добрае, і асабліва благое, Здарыцца ў сыне гарачым агнём ці апошняй агоніяй. Асабліва калі не адпусціш яго, не аддасі ўлады – Ён і пасля цябе будзе раздаваць даўгі тваіх перамог і здрадаў».

За гэтыя радкі верша пра Колю Лукашэнку настаўніцы Ганне Севярынец не працягнулі кантракт у Смалявіцкай раённай гімназіі. Напярэдадні Дня ведаў – 1 верасня са спадарыняй Ганнай пра беларускую сістэму адукацыі ва ўмовах сучаснай Беларусі пагутарыла Вольга Сямашка:

РР: Сёлета шматлікія бацькі задумаліся, ці варта ўвогуле дзяцей весці ў школы, дзе падчас выбараў скралі галасы выбарцаў, і ці трэба на новы навучальны год зноў плаціць паборы на мэблю, рамонт і нават падручнікі. Як вы ставіцеся да такой пазіцыі быцькоў і што б параілі ў такім выпадку?

Ганна Севярынец: У мяне няма агульнай парады для кожнага, таму што ў кожнай школе розныя сітуацыі, і нават у кожным класе розныя сітуацыі. Я не думаю, што зараз людзі канструктыўна агулам абвінавачваюць настаўнікаў і школы, бо ўсе па-рознаму ўдзельнічалі, а нехта не ўдзельнічаў, а нехта ўдзельнічаў сумленна. То бок тут усё па-рознаму ў кожнай сітуацыі. Я думаю, што галоўны прынцып – гэта дзейнічаць так, як падказвае сумленне. Як ты лічыш, што ты будзеш мець рацыю перад сабой і перад сваімі дзецьмі.

Што тычыцца майго прыкладу, то я забрала сына са школы, дзе выбары былі сфальсіфікаваныя і перавяла ў тую школу, дзе павесілі сумленныя пратаколы. Адпаведна мне прасцей цяпер выбудоўваць нейкія адносіны і з класнай кіраўніцай, якая ўвогуле не была ні ў якіх камісіях, і са школьнай адміністрацыяй, таму што адміністрацыя паказала сябе сумленнымі людзьмі. Тут ужо я буду кожны раз вырашаць па неабходнасці. Канешне, не пойдуць мае дзеці, яны ніколі не ўступалі ні ў БРСМ, ні ў акцябраты. Безумоўна, я не буду аплочваць падпіскі на дзяржаўныя выданні і не буду адпускаць дзяцей на нейкія ідэалагічныя святы.

Што тычыцца падручнікаў, то падручнікі мы павінны аплочваць, я не бачу тут нейкіх праблемаў сумлення.

Калі, напрыклад, у чаkавека няма магчымасці перавесці вучня з несумленнай школы ў школу сумленную, то, я думаю, што тут трэба дзейнічаць кропкава. Ёсць права ў бацькоўскай супольнасці мяняць настаўнікаў, пісаць у адміністрацыю заявы ад імя бацькоў класа пра тое, што такія настаўнікі не падыходзяць нам, таму што ён слабы прадметнік, таму што ён не мае кантакту з класам, таму што ён удзельнічаў у фальсіфікацыі выбараў. І зноў жа я тут не кідалася б у самасуды, не кідалася б у агульныя абвінавачванні, а толькі канкрэтна, толькі калі людзі бачылі, што пратакол не быў вывешаны, ці пратакол быў вывешаны несумленны. І найперш у гэтых заявах указваць настаўніка як прадметніка, не забыўшыся, канешне, дадаць выбары.

Што тычыцца далейшага навучання дзяцей у школе, то я думаю, што тут трэба паступаць па сумленні. Калі мы адмаўляемся фінансаваць ідэалагічныя праграмы і калі мы адмаўляемся аддаваць сваіх дзяцей на тое, каб яны былі «пушачным мясам» на гэтых ідэалагічных мерапрыемствах, мы цалкам маем законнае права іх туды не аддаваць

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя