Андрэй Мікалаеў: Сармацкі партрэт – гэта нашае, беларускае



Творчае аб’яднанне „Жалезны воўк” у Наваполацку ўзнікла яшчэ ў 1997 годзе. Спачатку як клуб гістарычнай рэканструкцыі. Пасля ідэя аб’яднання пашырылася, яго ўдзельнікі захапіліся, у прыватнасці, „сармацкім партрэтам”. Што гэта за партрэт ды пра іншае распавёў кіраўнік „Жалезнага ваўка”  Андрэй Мікалаеў у гутарцы з Янай Запольскай.

Андрэй Мікалаеў

РР: „Жалезнага ваўка” раней мы ведалі як клуб гістарычнай рэканструкцыі. Андрэй, вось як адбылася такая трансфармацыя, і чаму “клубны” фармат вас ужо не задаволіў?

Андрэй МікалаеўНе ведаю, як атрымалася: выпадкова ці лагічна. Пачыналася ўсё з клубнай дзейнасці, а потым пачало ўсё нарастаць як нейкі снежны ком.

РР: Але ў гэтым клубе пачаткова былі людзі якія сапраўды займаліся рыцарствам, рэканструкцыяй?

Андрэй МікалаеўТак, так. Мы ездзелі кожны год на Грунвальд, у Чэхію, ды ўвогуле ездзіць на рыцарскія фэсты было асноўнай нашай дзейнасцю. Аднак потым нам стала як бы цесна, і не толькі нам, бо нас далучыліся мастакі. Тады нарадзілася ідэя: давайце не толькі жалеза на сябе апранаць, а давайце паспрабуем гэта намаляваць. Я, як гісторык, падумаў „Во!” Пачытаў крыху матэрыялаў і прыгадаў, што быў такі цікавы жанр – „сармацкі партрэт”. Быў і знік. Нельга, каб мастацтва знікала.

РР: Сармацкі партрэт – гэта…

Андрэй Мікалаеў: Гэта шляхецкі, парадны партрэт, з нейкай шабляй, са зброяй, некалькі накірункаў гэтага жанру было, але ў канцы 17 стагоддзя ён знік, цалкам выйшаў з моды. І нарадзілася ідэя, бо ж гэта нашае, беларускае, рыцарскае, тым больш сувязі ёсць з украінскімі казацкімі партрэтамі, польскімі, карацей, цікавы накірунак еўрапейскі жывапісу. Падышоў я да мастакоў у Полацку нашых, я сам тады яшчэ не маляваў, кажу „Хлоцы, давайце”. Яны – “добра, давай”. Раніцай прыхожу, а яны „ай, няма часу, усе цяжка жывуць”. Карацей, угаворваў я іх, раззлаваўся. Адзін – Алег Елізараў – пагадзіўся. А каго маляваць? Ён кажа ты сядай, і як кажуць „памірай седзячы”. Дарэчы, я не ведаў, што такое пазіраваць, ды яшчэ ў жалезе. Сеў. Паспрабуйце некалькі гадзін пасядзець нерухома. Вельмі цяжка.

РР: Але яны і ваявалі ў гэтым…

Андрэй МікалаеўБіцца – гэта адно, а сядзець у позе нерухомай – зусім іншае. Але першы партрэт атрымаўся, у такім іканапісным стылі. Гэта была зіма 1999-2000 гадоў. Вось адсюль і пайшоў гэты наш сармацкі партрэт. Справа пайшла, я сам стаў маляваць, арганізавалі першую выставу, і нас пачалі больш ведаць як мастакоў, чым рыцарскі клуб. Раней рыцарскіх клубаў шмат у Беларусі было, цяпер гэта неяк пайшло на спад. Мы зрабілі пяць выставаў, у тым ліку ў Воршы, у Віцебску, Магілёве і Менску, пры чым у самым прэстыжным зале Музея беларускага кіно. І хутка пайшоў працяг. Мы зразумелі, што проста скапіраваць тое, што было раней – гэта будзе проста копія. Павінен быў быць шлях наперад, мастацтва не можа быць у стабільнасці. І партрэты пайшлі не проста рэалістычныя, а, напрыклад, у кубізме. Старэйшыя мастакі спачатку так на нас…

РР: Бурчалі…

Андрэй МікалаеўТак, кшталту „на святое пакусіліся” (смех). Я кажу, што, прабачце, а дзе напісана, што нельга рабіць кубічны сармацкі партрэт. І так нарадзілася ідэя “постсармацкага партрэту”. Не абавязкова на ім шляхціц ці нейкі магнат, а можа быць і просты былы селянін. Дарэчы, мы ўсё з натуры малюем, бярэм чалавека, садзім. У мяне нарадзілася казацкая серыя, бо былі казакі рэестравыя ў войску ВКЛ. Быў у мяне знаёмы сантэхнік, дзядзя Пеця, з гладкім чэрапам. Я яго пасадзіў, намалявалі, і стаў ён казаком.

РР: Андрэй, то „Жалезны воўк” на сёння – гэта што?

Андрэй Мікалаеў: Дакладна, мы не клуб. У нас і памяшкання няма. Напрыклад, фехтуем мы ў лесе. Майстэрні таксама не маем.  Рыцарскі складнік пасунуўся, цяпер і ў кіно нас не здымаюць. Раней мы здымаліся ў „Начным дазоры”, напрыклад, пашумелі там. Хоць многія людзі працягваюць гэтым займацца, усё ж мастацкі складнік у нас пайшоў наперад. Мы і камеру ў рукі ўзялі, паздымалі кіно крыху самі, вучэбнае кіно, гэта новая галіна для нас.

РР: То бок „Жалезны воўк” – гэта аб’яднанне людзей з творчымі ідэямі?

Андрэй Мікалаеў: Напэўна, так і ёсць. І карціны нават у нас ужо ёсць не рыцарскія, бо некаторыя пачалі маляваць сучаснікаў.

РР: Ці ў гэтай суполцы творчых людзей беларуская мова ёсць нейкім вызначальным фактарам?

Андрэй МікалаеўКанешне. Я заўсёды акцэнт на мову раблю, але гэта не ціск на людзей, а ўласны прыклад. Частка людзей і дзяцей прыходзяць ужо з веданнем мовы. Канешне, у нас існуе білінгвізм. Але людзі, якія дрэнна ставяцца да беларускасці, у нас не затрымліваюцца. Калі чалавек шчыра і добра адносіцца да нашай гісторыі і культуры, нават калі ён сам і не беларус, то гэта добра.

Адзначым, што ўдзельнікі творчага аб’яднання „Жалезны воўк” удзельнічалі ў шматлікіх рыцарскіх фэстах, тэатральных пастаноўках, прымалі ўдзел у здымках кінафільмаў і гэтык далей. Андрэй Мікалаеў у свой час працаваў з праблемнымі падлеткамі пры Цэнтры пазашкольнай адукацыі. Аднак аддзел адукацыі спыніў з ім супрацоўніцтва без асаблівага тлумачэння прычынаў.

[Not a valid template]

[youtube id=”TmTddIxpiXY”]

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Андрэя Мікалаева