На Берасцейшчыне працягваецца хваля ціску і затрыманняў



На Берасцейшчыне працягваецца хваля ціску і затрыманняў. Гэтым разам сілавікі сочаць за мясцовымі сацыял-дэмакратамі, забіраюць на суткі па адміністрацыйных справах і выклікаюць у следчыя органы:

– Сёння, 1 верасня, на волю павінен быў выйсці старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі, які быў асуджаны за бел-чырвона-белы сцяг і ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Але яму прызначылі новы суд на 2 верасня. Па тэлефону супрацоўнікі ізалятара часовага ўтрымання паведамілі, што зараз афармляюцца новыя суткі.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку пра пераслед паведаміў яшчэ адзін сябра БСДП (Грамада) Сяргей Мазан. Яго выклікалі ў Следчы камітэт па апошніх падзеях у краіне і меркаваным удзеле ў іх.

Лідар гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс атрымала пракурорскае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закону. Пра гэта палітык таксама напісала ў сацыяльных сетках. Пры гэтым ніякага афіцыйнага дакумента на рукі атрымана не было.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце