Майк Пампеа выступіў у падтрымку мітрапаліта Кандрусевіча



У падтрымку кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які знаходзіцца ў агульным спісе неўязных у Беларусь і Расею, прагучала цяжкая артылерыя.

З нагоды забароны на ўезд у краіну беларускага грамадзяніна выступіў дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. У яго мікраблогу з’явіўся запіс пра тое, што афіцыйны Менск «павінен дазволіць вяртанне арцыбіскупа Кандрусевіча, каб ён мог прыглядаць за сваёй паствай падчас працягу пратэстаў». Па словах кіраўніка амерыканскай дыпламатыі, мітрапаліт, як і ўвесь беларускі народ, «павінен мець магчымасць карыстацца сваімі асноўнымі свабодамі, у тым ліку свабодай веравызнання».

Кандрусевічу 31 жніўня адмовілі ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь без тлумачэння прычын. 1 верасня скандал пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, мітрапаліт нечакана выехаў для кансультацый у Варшаву і, атрымаўшы пэўныя задачы, вяртаўся ў Беларусь і трапіў у гэты спіс неўязных, які агульны у Беларусі і Расеі. «Не толькі ён адзін, проста ён – больш вядомая фігура», – заявіў Лукашэнка, распавёўшы, што з’явілася інфармацыя пра магчымую наяўнасць у Кандрусевіча не аднаго грамадзянства.

Беларускае Радыё Рацыя