Беларускія пратэстанты абурыліся нядопускам мітрапаліта Кандрусевіча ў Беларусь



Аб’яднанне хрысціян поўнага Евангелля ў Беларусі выступіла з заявай, у якой выказала абурэнне ў сувязі з адмовай ва ўездзе ў Беларусь мітрапаліту, арцыбіскупу Каталіцкай царквы Тадэвушу Кандрусевічу.

Заява апублікаваная на афіцыйнай старонцы аб’яднання ў Фэйсбуку. Тадэвуш Кандрусевіч «узвышаў свой голас у абарону міру, міласэрнасці і адзінства, асуджаючы гвалт, хлусню і нянавісць. Гэта зʼяўляецца духоўным і маральна-этычным абавязкам любога святара, а не палітычнай дзейнасцю», – гаворыцца ў звароце ад імя біскупа Абʼяднання хрысціян поўнага Евангелля ў Беларусі Леаніда Вараненкі, рады біскупаў і святароў аб’яднання.

Як адзначаюць аўтары звароту, паводле Бібліі грамадзянская ўлада пакліканая падтрымліваць дабро і караць зло.

«Калі ж грамадзянская ўлада паступае наадварот, то яна не выконвае свайго прызначэння ад Бога», – напісана ў звароце.

Абʼяднанне хрысціян поўнага Евангелля ў Беларусі выказвае падтрымку каталікам Беларусі і моліцца за «як найхутчэйшае вырашэнне непаразумення», звязанага з перашкодамі арцыбіскупскаму служэнню Тадэвуша Кандрусевіча ў Беларусі.

31 жніўня мітрапаліта Менска-Магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча не ўпусцілі ў Беларусь, калі ён вяртаўся са службовай выправы з Польшчы. Ніводная дзяржаўная ўстанова не паведамляе прычын і не каментуе сітуацыі.

Беларускае Радыё Рацыя