Урад разаслаў чыноўнікам «метадычку» па «абароне канстытуцыйнага ладу»



Урад разаслаў кіраўнікам міністэрстваў, дзяржарганізацый і прадпрыемстваў дакумент пад назвай «Канстытуцыйна-прававая пазіцыя па абароне канстытуцыйнага ладу», піша TUT.by.

Гэта абгрунтаванне, прынятае 25 жніўня Канстытуцыйным судом. Яго аўтары спасылаюцца на Канстытуцыю як асноўны закон краіны.

Згодна з артыкулам 3 Канстытуцыі, адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту Беларусі з’яўляецца народ. Канстытуцыйны суд заяўляе, што «9 жніўня беларускі народ выказаў сваё свабоднае волевыяўленне і выбраў Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі».

У дакуменце сцвярджаецца, што «дэмакратычнасць і легітымнасць выбараў прэзідэнта пацвярджаецца захаваннем прынцыпаў і нормаў Канстытуцыі ў выбарчым працэсе».

У Канстытуцыйным судзе падкрэсліваюць, што ў Асноўным законе не прадугледжана стварэнне грамадскіх органаў і арганізацый, якія маюць права пераглядаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў.

Паводле Выбарчага кодэкса, разглядаць такія пытанні могуць толькі Цэнтравыбаркам і Вярхоўны суд. А абодва яны адхілілі заявы кандыдатаў у прэзідэнты, якія аспрэчвалі вынікі выбараў.

У дакуменце называецца неканстытуцыйным стварэнне Каардынацыйнай рады, якая «вызначыла сваёй мэтай перагляд выбараў прэзідэнта Беларусі не ў парадку, вызначаным Канстытуцыяй і ў выбарчым заканадаўстве».

Пры гэтым Каардынацыйная рада, супраць якой скіраваны гэты дакумент, увесь час заклікае ўлады да мірнага дыялогу і прапануе спыніць гвалт.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: nlb.by