Марыюш Блашчак: Рэжым Лукашэнкі пакуль не пагражае Польшчы
“Рэжым Лукашэнкі пакуль не пагражае Польшчы”, – сказаў у інтэрв’ю “Super Expressu” міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак. Пры гэтым ён дадаў, што трэба быць падрыхтаванымі да розных сцэнароў.
На пытанне пра тое, якой мае быць роля Польшчы адносна масавых пратэстаў у Беларусі, міністр адзначыў, што асноўнае – гэта дапамога і медыяцыя. Блашчак зазначыў, што Польшча можа дзяліцца сваім досведам мірнай трансфармацыі ўлады. Польшча падтрымлівае дэмакратычныя змены і суверэннасць Беларусі, разумеючы, што выйсце з крызісу магчымае толькі ўнутры самой Беларусі.
Міністра Блашчака спыталі і пра заявы Лукашэнкі наконт польскіх пасягальніцтваў на Гарадзеншчыну, і пра каардынацыю пратэстаў з тэрыторыі Польшчы. “Гэта абсалютна ілжывыя тэзы, разлічаныя на ўнутраную падтрымку ўлады, якая канцэнтруецца вакол цяперашняга прэзідэнта”, – адказаў Марыюш Блашчак.