Аляксандра Сасновіч выйшла ў 1/16 фіналу US Open



Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч выйшла ў 1/16 фіналу адзіночнага разраду адкрытага чэмпіянату ЗША ў Нью-Ёрку. У другім раўндзе Аляксандра ўпэўнена перамагла ў двух сэтах 15-ю ракетку свету чэшку Маркету Вондраушаву – 6:1, 6:2. Для перамогі спатрэбілася ўсяго 1 гадзіна 5 хвілін. У 1/16 фіналу Аляксандра Сасновіч сустрэнецца з казахстанскай тэнісісткай Юліяй Пуцінцавай, якая абыграла яшчэ адну беларускую тэнісістку Веру Лапко з лікам 3:6, 3:6. Яшчэ адна беларуска Вольга Гаварцова ў стартавым матчы перамагла амерыканку Эйжу Мухамад – 6:1, 6:2. У 1/32 фіналу Вольга Гаварцова сустрэнецца з другой прадстаўніцай ЗША Слоан Стывенс.

У мужчынскім адзіночным разрадзе беларус Ягор Герасімаў, які займае 72-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамог серба Душана Лаёвіча, у якога 24-я пазіцыя ў рэйтынгу ATP – 6:1, 4:6, 6:4, 6:4. Наступным супернікам беларускага тэнісіста будзе аўстраліец Джордан Томпсан, які знаходзіцца на 63-м месцы ў сусветным рэйтынгу.

Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» забароненыя на матчах КХЛ

Беларускія сімвалы ўваходзяць у пералік малюнкаў, забароненых для пераносу і выкарыстання ў спартовых збудаваннях падчас правядзення матчаў лігі. Вырашылі высветліць, як правілы КХЛ суадносяцца з БЧБ.

Апынулася, непасрэдным чынам. Ва ўсіх клубах КХЛ ёсць дакумент, большая частка якога адносіцца да сімвалаў тэрарыстычных, экстрэмісцкіх арганізацый і г.д. Але сцягам дзяржаў таксама прысвечаны раздзел. У прыватнасці, гаворыцца, што «магчымыя выпадкі дэманстрацыі сцягоў, якія не маюць дачынення да Чэмпіянату КХЛ, могуць справакаваць сур’ёзныя канфлікты на трыбунах, ускладніць адносіны паміж клубамі КХЛ, якія прадстаўляюць розныя краіны». У дакуменце таксама ўказана, што да забароненых ставяцца бел-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоня» і гербавы сцяг Расейскай імперыі, – адзначае канал «ТрэшХоккей».

Хіжынкова раскрытыкавала беларускіх футбалістаў за адсутнасць салідарнасці

Былы прэс-сакратар берасцейскага «Дынама» Вольга Хіжынкова раскрытыкавала беларускіх футбалістаў за адсутнасць салідарнасці нават пасля збіцця і арыштаў спартоўцаў і фанатаў. «Футбол апынуўся камандным відам спорту, у якім кожны сам за сябе. За выключэннем двух каманд, некалькіх асобных гульцоў, трэнераў і менеджараў. Стаць у сценку, калі за спіной ня брама, а ўласныя сябры, калегі ці заўзятары, апынулася чамусьці значна складаней»- напісала Вольга ў Instagram.

Cваё выказванне яна праілюстравала скрыншотамі з сацсетак, на якіх адлюстраваны акцыі салідарнасці футбалістаў клуба «Крумкачы», у якога схапілі і збілі двух футбалістаў, і «Маладзечна», якія выйшлі ў цішотках з фота загінулага фаната. Яна таксама ўзгадала арышт былога спартовага каментатара «Беларусь 5» Улада Татура, катаванні міні-футбаліста Сяргея Падалінскага і звальненне генеральнага дырэктара БАТЭ, які раней выкінуў сваю міліцэйскую форму.

Аляксандр Паўлавец пераходзіць у «Растоў»

Абаронца нацыянальнай зборнай Беларусі Аляксандр Паўлавец па заканчэнні кантракту з берасцейскім «Дынама» пяройдзе ў клуб расейскай прэмʼер-лігі «Растоў». 24-гадовы беларускі футбаліст ужо падпісаў працоўную дамову з растоўскім клубам, да якога далучыцца зімой. Сваю гульнявую карʼеру Аляксандр пачаў у 2013 годзе ў барысаўскім БАТЭ, праз два гады перайшоў у жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ», а з 2019 года выступаў за берасцейскае «Дынама», у складзе якога стаў чэмпіёнам Беларусі. Тым часам яшчэ адзін беларускі футбаліст 25-гадовы паўабаронца Мікіта Корзун папоўніў склад салігорскага «Шахцёра». Ён зʼяўляецца выхаванцам менскага «Дынама», у якім гуляў па 2015 год. Затым Мікіта Корзун перабраўся ў кіеўскае «Дынама», з якога пераходзіў на правах арэнды ў сірыйскі «Аль-Фатэх» і партугальскі «Вілафранкеншэ».

Бацька Месі не дамовіўся з «Барселонай» аб сыходзе Ліянэля

Хорхе Месі, бацька аргентынскага нападніка «Барселоны» Ліянэля Месі, правёў безвыніковыя перамовы з прэзідэнтам каталонскага клуба Хасэпам Марыяй Бартамеу, сцвярджае Sport.es. Па дадзеных крыніцы, Бартамеу спрабаваў пераканаць сямʼю Месі, каб футбаліст застаўся. Па словах прэзідэнта, новы галоўны трэнер каманды Рональд Куман разлічвае на Месі, таму клуб прапануе яму падпісаць новы кантракт на 2 гады. Бацька Месі ў сваю чаргу спрабаваў дамовіцца аб сыходзе сына. У выніку ніводзін з бакоў не змог пераканаць іншы. Перамовы працягнуцца ў бліжэйшыя дні. Месі пакуль не будзе трэніравацца пад кіраўніцтвам Кумана.

Беларускае Радыё Рацыя