Тадэвуш Кандрусевіч: Мы патрабуем перамен



У менскай Архікатэдры прайшла тэрмінова скліканая супольная малітва каталіцкіх святароў горада. Ксяндзы памаліліся аб вяртанні на Радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якога не пускаюць беларускія памежнікі.

Таксама быў агучаны зварот Кандрусевіча. Прысутныя пачулі заклік да міру і згоды ў краіне, вырашэння крызісу ў грамадстве:

– Мы ўсе, біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, свецкія, вернікі і грамадства, патрабуем перамен. Стаячая вада псуецца і не даецца да ўжытку. Хто не ідзе наперад, той вяртаецца назад. Мы пакліканыя развівацца. Гэта азначае ўдасканаліцца ў сваім духоўным і грамадскім жыцці. Знайшоўшыся ў складанай, нябачнай дасюль у нашай гісторыі сітуацыі, Беларусь патрабуе адказнага, базуючыся на прынцыпах Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла, адказу. Сумесна і з Божай дапамогай зробім усё магчымае, каб наша Радзіма развівалася ў праўдзе, справядлівасці, узаемнай любові, якая перавышае ўсё.

Нягледзячы на тое, што абвестка аб супольнай малітве з’явілася толькі мінулым вечарам, зала Архікатэдральнага касцёла Менску была цалкам занятая вернікамі і ўсімі ахвочымі.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя