Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі асуджаныя яшчэ на 15 сутак арышту



Члены прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі 3 верасня асуджаныя яшчэ на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Яны знаходзяцца пад вартай з 24 жніўня.

Як паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”, Кавалькова і Дылеўскі прызнаныя вінаватымі паводле ч. 3 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Гаворка ідзе пра шматтысячную стыхійную дэманстрацыю ў Менску 23 жніўня.

Сёння раніцай давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Кавалькова і кіраўнік страйкама Мінскага трактарнага завода Дылеўскі павінны былі выйсці на волю пасля 10-сутачнага арышту. Іх затрымалі 24 жніўня каля прахадной МТЗ паводле абвінавачання ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КоАП). У дачыненні да Кавальковай таксама склалі пратакол за непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КоАП).

Аднак замест вызвалення яны былі дастаўленыя з жодзінскага СІЗА, дзе адбывалі пакаранне, у суд Цэнтральнага раёна Менска. Пастанову па справе Кавальковай вынесла суддзя Таццяна Акавітая, Дылеўскага — Вікторыя Шабуня.

Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне была створаная з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай, якая знаходзіцца ў Літве. Першае яе пасяджэнне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэння і дзейнасці рады распачатая справа паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).

На допыты ў Следчы камітэт па гэтай крымінальнай справе выклікалі членаў прэзідыума КР медыятара Лілію Уласаву, юрыста Максіма Знака, лідара страйкама МТЗ Сяргея Дылеўскага, былога дыпламата, чыноўніка, гендырэктара Купалаўскага тэатра Паўла Латушку, нобелеўскага лаўрэата па літаратуры Святлану Алексіевіч, каардынатара перадвыбарнага штаба прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі і паплечніцу Ціханоўскай Марыю Калеснікаву, прэс-сакратара КР Антона Раднянкова.

Уласава і яшчэ адзін член КР, каардынатар штаба Бабарыкі Віталь Крыўко, затрыманыя. У дачыненні да Уласавай распачатая крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў, што ставяць у віну Крыўко — пакуль невядома.

Варта адзначыць, што, згодна з рэзалюцыяй КР, рада ставіць на мэце не змену канстытуцыйнага ладу, а выхад з палітычнага крызісу, які склаўся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, і забеспячэнне згоды ў грамадстве на аснове Канстытуцыі.

Дзеянні ўладаў у дачыненні да сваіх членаў Каардынацыйная рада ўспрымае як наўмысны націск.

belapan.by