Глыбоцкую актывістку пакаралі штрафам за ўдзел у мітынгу



Суд Глыбоцкага раёна пакараў грамадскую актывістку з Глыбокага Людмілу Барэйку штрафам за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту. Суддзя Станіслаў Трапук прысудзіў жанчыне 22 базавыя велічыні штрафу паводле артыкула 23.34 КаАП.

Як кажа Людміла Барэйка, ніякія довады і ўзгадванні артыкулаў Канстытуцыі і Міжнароднага пакту, якія гарантуюць свабоду выказвання і ўдзел у мірных акцыях, на суддзю не ўздзейнічалі:

– Зусім не звяртае ўвагі на міжнародныя дамовы, на міжнародныя пакты, на тое, што Канстытуцыя, артыкул 8, менавіта рэгулюе гэтыя адносіны. І што Міжнародны пакт і Канстытуцыя важней, а не вось гэтыя ўнутраныя законы.  Але ён кіруецца вось гэтымі законамі Рэспублікі Беларусь аб масавых мерапрыемствах.

Суддзі не даюць выказацца, яны перарываюць.

З пачатку пратэставых акцый у Глыбокім на Людмілу Барэйку было складзена ўжо тры пратаколы. Штодня ў Глыбокім складаюцца новыя пратаколы на ўдзельнікаў мірных акцый або праводзяцца прафілактычныя гутаркі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя