Сучасны мастацкі тэатр абвяшчае забастоўку



Сучасны мастацкі тэатр абвяшчае забастоўку ў сувязі з арыштам музыканта, тэлевядоўцы і акцёра Дзяніса Дудзінскага, які атрымаў 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Як паведаміў заснавальнік і мастацкі кіраўнік тэатра Уладзімір Ушакоў, спектаклі не будуць ісці з 3 па 13 верасня.

«Роўна 10 сутак – столькі ж прысудзілі Дудзінскаму. Тэатр працягне працу, калі Дзяніс выйдзе на волю», – сказаў ён:

– Мы прынялі рашэнне спыніць працу тэатра, і не пачнём гэта рабіць да той пары, пакуль Дзяніс не выйдзе на свабоду. Гэта забастоўка салідарнасці з артыстам, таму што ўсе артысты лічаць, што гэта несправядліва і мы павінны адно аднаго падтрымліваць. На месцы міністра культуры я б падаў у адстаўку. Прымусіць нас немагчыма, а пачуць нас можна.

Забастоўка тэатра таксама звязаная з апошнімі палітычнымі падзеямі, якія адбываюцца ў краіне, адзначыў Ушакоў.

Паводле слоў мастацкага кіраўніка, 22 жніўня калектыў тэатра апублікаваў у сацсетках адкрыты ліст, у якім асудзіў гвалт у дачыненні да мірных грамадзян, выказаў салідарнасць з калегамі з Купалаўскага тэатра, тэатраў лялек, оперы і балета, беларускай драматургіі, Белдзяржфілармоніі і акцёрамі з іншых тэатраў, якія «выходзяць на вуліцы, спяваюць і пратэстуюць».

Беларускае Радыё Рацыя