Праваабаронцы зафіксавалі больш за 500 сведчанняў ужывання катаванняў



 Цяперашняя прэзідэнцкая выбарчая кампанія з самага пачатку суправаджалася шматлікімі рэпрэсіямі, заявіў намеснік старшыні праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч, выступаючы 4 верасня перад Саветам бяспекі ААН.

„Тым не менш гэта спарадзіла беспрэцэдэнтны энтузіязм і веру ў магчымасць перамен, — сказаў ён. — Аднак шматлікія парушэнні і фальсіфікацыі падчас выбарчага працэсу, асабліва пры абсалютна непразрыстым падліку галасоў, выклікалі гнеў і расчараванне людзей, а таксама масавыя пратэсты ў дзень выбараў і ў наступныя дні па ўсёй Беларусі”.

Паводле слоў Стэфановіча, у чаканні такога развіцця падзей прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый звярнуліся да ўладаў з заклікам устрымацца ад прымянення гвалту і кровапраліцця. „На жаль, улады нас не пачулі, — адзначыў ён. — На мірных дэманстрантаў быў ажыццёўлены напад з боку спецыяльных падраздзяленняў сілавых структур, якія прадэманстравалі непрапарцыйнае прымяненне гвалту і ўжылі спецыяльныя сродкі задушэння масавых беспарадкаў і іншую зброю. Сотні людзей былі параненыя, не менш за тры пратэстоўцы загінулі ў выніку прамых дзеянняў міліцыі, больш за сем тысяч былі затрыманыя”.

Праваабаронца адзначыў, што далейшыя падзеі „яшчэ больш узрушылі наша грамадства”. „Затрыманыя зазнавалі катаванні, жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, — сказаў Стэфановіч. — На працягу некалькіх дзён, пачынаючы з 9 жніўня, беларускія сілавікі рабілі дзеянні, якія наўмысна наносілі грамадзянам Беларусі моцны боль, а таксама фізічныя і маральныя пакуты. Ім былі нанесеныя цялесныя пашкоджанні і псіхалагічныя траўмы рознай ступені цяжару. Рабілі гэта ў розных установах праваахоўнай сістэмы як пры затрыманні, так і ў зняволенні”.

Стэфановіч падкрэсліў, што людзі „зазнавалі катаванні і жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне, якае зневажае годнасць”. „У прыватнасці, іх абражалі, збівалі дубінкамі, жорстка абыходзіліся, траўмавалі (пераломы костак, раненні і масіўныя сінякі), іх білі электрашокерам, у іх стралялі гумовымі кулямі, — сказаў ён. — Сілавікі распылялі газ у закрытых памяшканнях з грамадзянамі ўнутры, прымушалі іх гадзінамі стаяць голымі на каленях на асфальце, пагражалі ім прымяненнем зброі і сэксуальным гвалтам. Затрыманых пазбаўлялі сну, сродкаў гігіены, ежы і вады, адмаўлялі ў медыцынскай дапамозе і неабходных леках. Акрамя таго, у камерах, разлічаных на 4-6 чалавек, міліцыя змяшчала да 40 чалавек, у тым ліку грамадзян з пацверджаным COVID-19”.

На пацярпелых „масава аказваліся меры псіхалагічнага націску: прымушалі спяваць гімн Беларусі і доўга выкрыкваць лозунгі, станавіцца на калені, клясціся ў вернасці і прызнаваць перавагу дзейнай улады і праваахоўных органаў Беларусі”.

„Многія з пацярпелых былі дастаўленыя ў бальніцы пасля вызвалення. Некаторыя знаходзіліся ў крытычным стане і ўсё яшчэ папраўляюцца. Многія з арыштаваных пасля вызвалення мелі патрэбу ў псіхалагічнай дапамозе, — сказаў Стэфановіч. — Праваабарончы цэнтр „Вясна” зафіксаваў больш за 500 паказанняў ахвяр катаванняў. Ахвяры сведчаць, што катаванні насілі масавы і сістэмны характар і выкарыстоўваліся як палітычна матываванае пакаранне грамадзян за выказванне свайго меркавання і ўдзел у антыўрадавых пратэстах. Мы можам дакладна сказаць, што мы маем справу са злачынствамі супраць чалавечнасці, якія не маюць тэрміну ў нашым нацыянальным заканадаўстве. Аднак цяпер пракуратура і Следчы камітэт не распачалі крымінальных спраў на гэтых падставах”.

Стэфановіч таксама адзначыў, што ў поствыбарчы перыяд рэпрэсіі ўзмацніліся. „Не менш за 80 чалавек знаходзяцца пад следствам за ўдзел у акцыях пратэсту. У цяперашні час за кратамі знаходзіцца 41 палітычны зняволены, у тым ліку ўдзельнікі прэзідэнцкай кампаніі і члены іх каманд, блогеры, актывісты апазіцыі і ўдзельнікі мірных акцый пратэсту”, — сказаў ён.

Паводле слоў Стэфановіча, праваабарончая супольнасць працягвае заклікаць улады „неадкладна спыніць рэпрэсіі і гвалт у дачыненні да сваіх грамадзян, вызваліць усіх палітычных зняволеных, прыняць меры для эфектыўнага расследавання ўсіх актаў катаванняў і выконваць свае міжнародныя абавязацельствы”.

„Сёння мы ўсведамляем глыбокі крызіс правоў чалавека ў Беларусі, які не можа быць і не з’яўляецца ўнутранай справай краіны. Увесь свет павінен быць занепакоены беспрэцэдэнтным парушэннем правоў чалавека і ўласных законаў цяперашнім урадам Беларусі”, — падкрэсліў Стэфановіч.

Абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі ў Савеце бяспекі, ініцыяванае Эстоніяй, праходзіла ў фармаце відэаканферэнцыі.

belapan.by