Жаночы марш у Менску 5 верасня (абнаўляецца)



5 верасня ў Менску адбыўся чарговы жаночы Марш салідарнасці. У ім узяло ўдзел не менш 10 тысяч дэманстрантак.

19.05. Яшчэ адна калона хацела зайсці на плошчу, а сілавікі іх не пускалі. Але людзі змаглі прарвацца праз ланцуг.

18.55. Сілавікі адышлі ад жанчын. У касцёле людзі сабраліся на імшу.

А 19.00 у Чырвоным касцёле павінна адбыцца Імша за ўсіх забітых, пацярпелых і зняволеных падчас мірных акцый у Беларусі.

Жанчыны скандуюць „Нас не трэба ахоўваць!”:

18.30. Частка жанчын сышла ў бок Нямігі. А па парспекце з боку Уручча ў цэнтр едзе калона грузавікоў з ваеннымі.

18.25. Каля 400 чалавек-дэманстрантак грамілы ў балаклавах адцяснілі да самага касцёлу і абступілі ланцугом. Дзяўчаты скандуюць: „Мы за свабоду!”, „Гэта наша права!”, „Што вы можаце без формы?”. Невядомыя людзі ў зялёным адзенні і чорных балаклавах імкнуліся ачапіць людзей, але самы апынуліся ў атачэнні жанчын.

18.20. Людзі ўбачылі на праспекце аўтазакі і перамясціліся бліжэй да касцёлу. Частка ўдзельніц маршу разышлася.

18.10. На плошчу сцягнулі сілавікоў-„касманаўтаў”. Дзяўчыны саромяць іх і спяваюць песні. А з гукаўзмацняльнікаў цэлы час гучаць папярэджанні, што акцыя незаконная і заклікаюць разысціся. Удзельніцы мітынгу скандуюць „Пошёл вон!” („Пайшоў прэч!”).

17.50. Невядомыя ў абарончай экіпіроўцы і шлемах (толькі ў некаторых на плячах напісана міліцыя) ачапілі частку плошчы Незалежнасці, дзе сабраліся ўдзельніцы жаночага маршу.

17.20. Дэманстранткі паступова запаўняюць плошчу Незалежнасці. Іх цэлы час здымаюць на камеры міліцыянты ці супрацоўнікі іншых службаў. Жанчыны размяшчаюцца на пляцоўцы ля Чырвонага касцёлу. Спяваюць „Тры чарапахі”. Пляцоўка ля Дому ўраду ачэплена металёвымі агароджамі. Тым часам у ваколіцах плошчы зафіксавана некалькі аўтазакаў і міліцэйскіх мікрааўтобусаў. Рух машын на праспекце ўзноўлены.

17.10. Калона жаночага маршу прайшла ўздоўж будынку КГБ. Там з мікрааўтобусаў да жанчын выйшла некалькі невядомых у балаклавах. Жанчыны імкнуліся завязаць на іх сцягі, але тыя здзерлі палотнішчы. Жанчыны крычалі ім: „Пакажыце твар!” і „Вашы маці з намі!”.

16.50. Значная частка маладых жанчын выйшла на праезную частку. Яны скандуюць розныя лозунгі, у ліку іншых „Караева – пад суд!” і „Новыя выбары!”. Міліцыянты патрабуюць ачысціць праезную частку, але жанчыны ў адказ скандуюць „Нас не спыніш!”.

16.40. Марш жанчын у Менску праходзіць пакуль мірна, сілавікі нікога не разганяюць. Аднак на падыходзе да Кастрычніцкай плошчы карнікі затрымалі двух журналістаў. Гэта журналісты тэлеканалу Белсат Максім Калітоўскі і Алена Дубовік.

16.30. Галава калоны мінула цырк. Хвост дэманстрацыі выходзіць з плошчы Перамогі.  Людзей прыблізна столькі, колькі і ў мінулую суботу.

16.25. На плошчы Перамогі жанчын вітаў адзін з лепшых беларускіх баскетбалістаў сучаснасці Ягор Мешчаракоў разам з сваімі блізкімі.

16.20. Людзі ў спартовых касцюмах перагароджваюць Кастрычніцкую плошчу.

16.15. ДАІ перакрыла рух па праспекце Незалежнасці ў бок круглай плошчы. Таксама паведамляецца, што Акадэмія Навук і Якуба Коласа перакрытыя на ўезд у цэнтр. Пускаюць толькі грамадскі транспарт. Галава калоны жаночага маршу ўжо на плошчы Перамогі.

15.50. Хвост калоны пакінуў вуліцу Харужай. Сёння ў Менску ўзнікла новая крычалка: „Пошёл вон, ты и твой ОМОН!”. Адрасавана яна відавочна Лукашэнку і яго карным структурам.

15.40. Тысячы жанчын вялізнай калонай рушылі на Плошчу Перамогі.

Беларускае Радыё Рацыя