Мікола Дзядок: Народны рух не дазволіць змяніць шлях пратэстаў



Ад Каардынацыйнай Рады ад пачатку не трэба было чакаць вялікага пералому палітычнага крызісу ў Беларусі.

Паколькі аддаваць загады сілавікам яна не можа, а далейшага прыходу ў яе склад лукашэнкаўскіх чыноўнікаў не адбылося, узмацніцца рада не змагла. Тым не менш казаць пра знікненне Рады як пра факт яшчэ нельга, таксама як і закідаць арганізацыі прарасейскі характар. Сысці ад патрабаванняў адстаўкі Лукашэнкі, новых дэмакратычных выбараў без яго і расследвання катаванняў не дасць сам народ, які ўжо мае вялікую сілу. У гэтым упэўнены палітычны аглядальнік Мікола Дзядок.

– Народны рух – масавасць яго мае такую сілу, такі размах, што любыя спробы раскалоць, увесці павестку і пайсці ў разрэз з трыма народнымі патрабаваннямі, яны пахаваюць перш за ўсё саму партыю. Для мяне асабіста было відавочна ад пачатку, што гэтая структура і яе лёс не трывалы будзе хутчэй за ўсё, таму што яна не прэтэндуе з аднаго боку на тое, каб быць альтэрнатыўным органам улады, а з іншага боку, у такім выпадку, калі яна не можа аддаваць загады, то ейная роля сумніўная.

Менавіта масавы народны рух, які канчаткова стаіць на сваіх пазіцыях і прад’яўляе ўзурпатару канкрэтныя нязменныя патрабаванні з’яўляецца асновай пратэсту. Таму ні пераслед страйкамаў на прадпрыемствах, ні магчымыя развал ці стагнацыя Каардынацыйнай рады не дапамогуць цяперашнім уладам здушыць пратэст беларусаў. І барацьба працягнецца, упэўнены Мікола Дзядок.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск