Свята горада пад прымусам
У Лепелі 5 верасня прайшло свята горада. Перад гэтым улады праінструктавалі людзей пра тое, каб на свяце не было ніякіх белых і чырвоных балонікаў ды каб ніхто нават не надумаў апрануць вопратку ў такой гаме.
Мерапрыемства пачалося з шэсця, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі бюджэтных арганізацый і прадпрыемстваў горада. Большасць людзей на шэсце выйшла, як кажуць, у добраахвотна-прымусовым парадку, кіраўнікі некаторых нават правяралі спісы, ці ўсе прысутнічаюць на свяце.
У калоне разам з адміністрацыяй горада ішлі і прадстаўнікі праваслаўнай царквы.
Сёлета на пачатку свята не было традыцыйнага заезду байкераў, што звычайна надавала імпрэзе драйву і запалу. Затое на мерапрыемтве было шмат міліцыянтаў, дзяржаўных сцягоў, як ніколі, ды плакаты з лозунгамі. Маладыя людзі, якія трымалі іх, стараліся адварочвацца ад фотакамераў. Дарэчы, як кажуць лепяльчане, раней на верталёце ў паветра ўздымалі сцяг горада Лепеля, гэтым разам узнялі звычайны дзяржаўны сцяг.
На свяце было вельмі мала радасных людзей, адчувалася нейкае напружанне ў грамадстве.
Сёлетні Дзень горада шматлікім лепяльчанам, як і гасцям горада, запомніцца як самае сумнае, гнятлівае і напружанае свята пад вялікім прыгнётам і страхам.
Беларускае Радыё Рацыя