Спецдакладчыца ААН пра сітуацыю ў Беларусі



Сітуацыя ў Беларусі яшчэ ніколі не была такой катастрафічнай, як у апошні месяц, заявіла спецдакладчыца ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, выступаючы 4 верасня перад Саветам бяспекі ААН, піша Naviny.by.

„Яшчэ больш трывожна, што сітуацыя працягвае пагаршацца, — сказала яна. — Гэтыя падзеі, беспрэцэдэнтныя для Беларусі, патрабуюць павышанай увагі з боку міжнароднай супольнасці, паколькі існуе вялікая рызыка таго, што спіраль гвалту можа пагражаць рэгіянальнаму міру і бяспецы”.

Па словах Марэн, выбарчы працэс паказаў, наколькі беларускія ўлады абмяжоўваюць права сваіх грамадзян на ўдзел у грамадскім жыцці.

Марэн таксама адзначыла, што Аляксандр Лукашэнка і яго прыхільнікі „ўпарта адмаўляюцца ўступаць у дыялог, які быў бы адзіным спосабам прымірыць людзей з уладамі, улічваючы сур’ёзныя парушэнні свабоды мірных сходаў, што ўсе бачылі ў ноч выбараў”.

Спецдакладчыца падкрэсліла, што рэакцыя сілавых структур на мірныя пратэсты была „жорсткай і несуразмернай”.