„Марш адзінства” у Гародні 6 верасня (абноўлена)
У Гародні 6 верасня адбыліся сутычкі і зноў жорсткія дзеянні карнікаў-амапаўцаў. Затрыманыя дзясяткі людзей. Людзей у раёне ўніверсама „Брэст” лавілі ў дварах, амапаўцы ішлі ў наступ і білі людзей дубінкамі. Людзі разбягаліся, але пасля зноў гуртаваліся. Адбывалася супрацьстаянне мірных пратэстоўцаў і сілавікоў, якія былі на аўтазаках і аўтобусах. Вядомыя яшчэ некалькі прозвішчаў затрыманых – Варвара Грынюк, Дзяніс Сяргейчык, Алег Пуцілоўскі.
Недалёка ад філармоніі разагналі калону з прымяненнем пярцовага газу. Там было не менш 10-ці затрыманых. Сярод затрыманых Давід Пракошын і Павел Каляда.
Людзей затрымліваюць жорстка, валяць на зямлю і нясуць у аўтазак.
Балончыкі з газам выкарыстоўвалі пры разгоне калоны на вуліцы Гарнавых.
У Гародні АМАП перакрывае дарогу калонам, што рухаюцца з розных куткоў да цэнтру. На скрыжаванні Дзяржынскага і Астроўскага калону прымусілі павярнуць у іншы бок. Былі спробы затрымаць людзей. Людзі сваіх адбівалі.
Па Янкі Купалы ў бок філармоніі ідзе калона. Цэнтральны мост перакрыты ў кірунку цэнтра. На гары каля Бернардынскага касцёла группа пратэстоўцаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча