Каля 30-ці чалавек затрымалі на „Маршы адзінства” у Берасці



У Берасці 6 верасня затрымана каля 30-ці ўдзельнікаў „Маршу адзінства”.

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, супрацоўнікі міліцыі затрымалі ўдзельнікаў мірнай акцыі прыхільнікаў перамен прыкладна а 15.00 на скрыжаванні вуліцы Савецкай з праспектам Машэрава.

„Паводле наяўных у мяне звестак, у Ленінскі РАУС даставілі прыблізна 15 чалавек. Дзе знаходзяцца астатнія, на гэты час невядома”, — дапоўніў праваабаронца.

Марш адзінства пачаўся ў Берасці прыблізна а 14-й гадзіне. Людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі сабраліся на скрыжаванні вуліц Савецкай і Гогаля ля помніка „Тысячагоддзе Берасця”. Прыкладна а 14.30 прысутныя пайшлі па вуліцы Савецкай да праспекта Машэрава. Наперадзе калоны яны неслі расцяжку са словамі „Самазванец, сыходзь!”.

Людзі скандавалі „Жыве Беларусь!”, „Верым! Можам! Пераможам!”, „Сыходзь!”, „Лукашэнку ў аўтазак!”.

Пасля затрымання групы ўдзельнікаў калона пайшла па праспекце Машэрава і зараз рухаецца па вуліцы Маскоўскай у бок мікрараёна Усход.

„Па ходзе руху да калоны далучаюцца новыя ўдзельнікі. На 16.00 у ёй было больш за 3 тыс.чалавек. Людзі працягваюць пратэставаць супраць несумленных выбараў і гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту”, — паведаміў Кісляк.

Беларускае Радыё Рацыя