Гарадзенец Канстанцін Кізік: Першыя затрыманні 6 верасня былі лагодныя



Гарадзенец Канстанцін Кізік быў затрыманы 6 верасня падчас “хапуна” на вуліцы Гарнавых, калі людзі ў масках пачалі хапаць жыхароў гораду перад акцыяй:

– Былі людзі ў чорным, яны выйшлі з аўтазакаў і аўтобусаў і падыйшлі да натоўпу. Натоўп пачаў сціскацца, людзі сталі шчыльным колам, узяліся за рукі, каб іх не выцягвалі з натоўпу. Але пабояў той раз не было.  Пару чалавек упала, але я не бачыў, каб нейкага моцна білі. Каго паспелі выцягнуць, завялі ў аўтазак.

На думку Канстанціна Кізіка, самае дзіўнае адбывалася ў двары Ізалятара часовага ўтрымання на вуліцы Гая, калі затрыманых ужо павінны былі выпускаць:

-Па чарзе, каго аформілі, выводзілі ў двор. Паставілі тварамі да сцяны па перыметры двара. Такім чынам, прыходзілі новыя людзі, якіх аформілі, кагосьці адпускалі. Прыязджалі новыя аўтазакі. Я памятаю, прыехаў адзін аўтазак, і там былі амаль адны дзяўчаты. Шмат бралі жанчын. У адной, здаецца, была нейкая траўма. У яе была, падобна, панічная атака. Яна не магла гаварыць, увесь час плакала. Нават не магла хадзіць. Ёй выклікалі  “хуткую”. У аднаго хлопца была вялізная гематома на галаве.  

Па неафіцыйным дадзеным, у Гародні былі затрыманыя больш за сотню жыхароў горада, сярод якіх былі непаўнагадовыя і вялікая колькасць дзяўчат.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня