Нашы навіны
Безумоўна, цікавей быць у гушчы падзей і бачыць на свае вочы, што ж адбываецца ў сталіцы нашай Радзімы, але так ужо сталася: большасць неабыякавых беларусаў чытаюць навіны ў сеціве, застаючыся дома. Гэта не выключае лакальнанага актывізму і фінансавай дапамогі затрыманым. Хтосьці робіць рэвалюцыю – хтосьці сочыць за ёй анлайн.
У любым выпадку, за маршамі ў Менску сочаць многія. За пратэстамі студэнтаў і жанчын – таксама… Безумоўна, усё бурліць ужо месяц і немагчыма пастаянна быць на адным градусе пачуццяў: мы стамляемся здзіўляцца жорсткасці сілавікоў, мужнасці простых людзей, творчаму падыходу і крэатыўнасці пратэстнага руху, але кожны новы дзень пераконвае – такога яшчэ не было! Такога маразму і такога крэатыву!
Вельмі цікава, як доўга мы пратрымаемся, шаноўныя. Арышт чалавека ў касцюме панды? Было. Сведкі ў балаклавах у судах над журналістамі? Зроблена. Звальненні за грамадскую пазіцыю? Канечне! Што яшчэ? Чарговая новая фішачка навіновай палітры – арышт ратавальнікаў на водах! Людзям не далі спакойна разысціся пасля нядзельнага пратэстнага маршу. Многім прыйшлося ўцякаць ад АМАПу. Хтосьці кідаўся ў Свіслач – ратаўнікі падбіралі, давалі цёплыя пледы, перавозілі на другі бераг… Ратаўнікі павінны ратаваць – гэта аксіёма! Але не ў нас. Ратаўнікоў забралі на Акрэсціна.
На наступны дзень забралі палітыка Марыю Калеснікаву і мастачку Надзею Саяпіну… Прафесія і гендэр значэння не маюць, як і тое, якія ў чалавека могуць быць планы на сённяшні дзень. СОС! Ратуйце нашы душы! Высоцкі шмат пра што сказаў і праспяваў… Цікава, як бы ён адгукнуўся на беларускія падзеі тут і цяпер? Любому творчаму чалавеку цяжка цяпер ўстрымацца ад інфаркту… Трымайцеся, людзі. Нешта будзе.