ЕЗ чакае ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых
„Мы рашуча асуджаем бесперапынныя адвольныя арышты і затрыманні па палітычных матывах у Беларусі, якія немагчыма растлумачыць і якія адбываюцца з пачатку выбарчай кампаніі”, — заявіў вярхоўны прадстаўнік Еўразвяза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.
Заява апублікаваная на сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
Барэль адзначыў, што напярэдадні „пераследы зведалі Марыя Калеснікава, Андрэй Ягораў, Ірына Сухій, Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў, а 633 чалавекі былі затрыманыя пасля мірнага Маршу адзінства ў нядзелю”.
„Відавочна, што ўлады ў Беларусі працягваюць запалохваць або дазваляюць запалохванне сваіх грамадзян усё больш беззаконным чынам і груба парушаюць як сваё ўласнае нацыянальнае заканадаўства, так і міжнародныя абавязацельствы, — канстатаваў вярхоўны прадстаўнік па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі. — ЕС чакае, што беларускія ўлады забяспечаць неадкладнае вызваленне ўсіх затрыманых па палітычных матывах перад і пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. Грамадзянская супольнасць і тыя, хто ўдзельнічае ў дыскусіях пра будучыню Беларусі, у тым ліку члены Каардынацыйнай рады, павінны быць абароненыя ад запалохвання, прымусовага выгнання, адвольных арыштаў і гвалту”.
Барэль таксама зноў заявіў пра неабходнасць „пільнага і празрыстага расследавання ўсіх меркаваных парушэнняў, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці”.
„Мы чакаем, што ўлады спыняць палітычныя пераследы і пачнуць інклюзіўны нацыянальны дыялог пры поўным паважанні дэмакратычных і асноўных правоў беларускага народа”, — гаворыцца ў заяве.
Барэль таксама падкрэсліў, што ЕЗ увядзе санкцыі ў дачыненні да тых асоб, якія адказныя за гвалт, рэпрэсіі і фальсіфікацыю выбараў.