Сілавікі прыйшлі з вобшукам у кватэру, дзе жывуць журналістка tut.by Галіна Уласік і яе дачка Валерыя Уласік



Сілавікі прыйшлі з вобшукам у кватэру, дзе жывуць рэдактар tut.by Галіна Уласік і яе дачка, таксама журналістка, Валерыя Уласік, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Паводле звестак БАЖ, Валерыю Уласік забрала міліцыя, абвінавачваюць паводле арт. 23.34 КоАП. Галіна Уласік у кватэры, там ідзе вобшук.

Як паведаміла раней калегам Галіна Уласік, з раніцы хтосьці настойліва стукаў і званіў у дзверы, аднак яна нікога не чакала, таму дзверы не адчыніла. Суседзі паведамілі ёй, што бачылі ля пад’езда трох мужчын у балаклавах.

Праз паўгадзіны ў дзверы зноў пачалі званіць. Галіна і яе дачка паспелі паведаміць, што ў кватэру спрабуюць трапіць сілавікі — у іх ёсць санкцыя на вобшук.

Паводле слоў адной з сябровак Валерыі, сілавікі змаглі трапіць у кватэру, дзе жанчынам паведамілі аб распачынанні крымінальнай справы. Сувязь з імі знікла.

Раней Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала вызвалення калег, затрыманых 5 і 6 верасня ў Менску і Віцебску падчас пратэстных акцый.

На раніцу 7 верасня, згодна са звесткамі БАЖ, за кратамі застаюцца тры прадстаўнікі СМІ.

У Віцебску 6 верасня быў затрыманы журналіст Дзмітрый Казакевіч. Ноч ён правёў у ізалятары.

Таксама 6 верасня ў Магілёве затрымлівалі карэспандэнта БелаПАН Алеся Асіпцова. Журналіст быў у камізэльцы з надпісам „Прэса” і меў пры сабе неабходныя дакументы. Пазней яго адпусцілі.

5 верасня ў Менску былі затрыманыя карэспандэнты „Белсата” Максім Гарчанок і Алена Дубовік. Іх вызвалілі з РУУС праз тры гадзіны пасля затрымання. У журналістаў канфіскаваныя мабільныя тэлефоны і відэакамера, складзены пратакол за працу без акрэдытацыі.

belapan.by