„Сбербанк”: Палітычны крызіс прывёў да канцэнтрацыі рызык у банкаўскай сістэме Беларусі



Палітычны крызіс выклікаў значную турбулентнасць ў банкаўскай сістэме Беларусі і прывёў да канцэнтрацыі рызык, гаворыцца ў аглядзе цэнтра макраэканамічных даследаванняў расейскага „Ашчадбанка”.

„Баючыся за захаванасць зберажэнняў, эканамічныя агенты рэзка павялічылі аб’ёмы пакупак валюты і зняцця наяўных. Жаданне зарабіць на аслабленні беларускага рубля падагрэла цікавасць насельніцтва да крэдытных прадуктаў”, — адзначаюць аўтары агляду.

Аналітыкі „Ашчадбанка” канстатуюць, што за перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў націск на беларускі рубель „імкліва ўзрос, выклікаўшы яго аслабленне на 8% з пачатку жніўня”.

„Спрабуючы стабілізаваць сітуацыю, Нацыянальны банк часова прыпыніў пастаянна даступныя аперацыі па падтрымцы ліквіднасці банкаў, што ва ўмовах адтоку ўкладаў прывяло да выбуховага росту ставак на міжбанкаўскім рынку і перавяло банкаўскую сістэму ў стан дэфіцыту ліквіднасці”, — канстатуюць аналітыкі „Ашчадбанка”.

Многія крэдытныя арганізацыі Беларусі ў існых умовах былі вымушаныя падняць стаўкі па кароткатэрміновых дэпазітах у нацыянальнай валюце і часткова замарозіць крэдытаванне. „Націск на ліквіднасць мог бы стаць крытычным, калі б не ўвядзенне ў 2015 годзе паняцця „безадзыўны ўклад”. Па такіх дэпазітах банкі не абавязаныя вяртаць ўкладчыку сродкі да заканчэння тэрміну ўкладу, што забаронена, напрыклад, у Расеі”, — адзначаюць аўтары агляду.

Тым не менш, працягваюць яны, у банкаўскай сістэме Беларусі „паступова канцэнтруюцца рызыкі”. „Высокая даларызацыя актываў (48% крэдытнага партфеля) разам са слабым пранікненнем інструментаў хэджавання ў кампаній ствараюць пагрозы для якасці крэдытных партфеляў. Багатая гісторыя валютных крызісаў, з другога боку, забяспечвае высокую даларызацыю ўкладаў (65%)”, — канстатуюць аналітыкі „Ашчадбанка”.

Паводле іх назіранняў, у Беларусі „палітычны крызіс ужо ўскладніў працэс прыцягнення банкамі валютнай ліквіднасці, дадатковая турбулентнасць здольная справакаваць узмоцнены адток, ствараючы рызыкі для стабільнасці сістэмы”.

Пра пагаршэнне сітуацыі ў банкаўскай сістэме Беларусі на мінулым тыдні паведаміла міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s, якое паставіла на перагляд рэйтынгі беларускіх банкаў.

„На наш погляд, ужо можна з упэўненасцю сцвярджаць, што сітуацыя ў банкаўскім сектары Беларусі змянілася да горшага ў частцы ліквіднасці, а таксама з вялікай верагоднасцю зменіцца да горшага ў найбліжэйшыя месяцы ў частцы якасці актываў (з улікам чаканага падзення ВУП, а таксама зніжэння курсу нацыянальнай валюты, што абцяжарыць абслугоўванне валютных крэдытаў)”, — адзначыла ў інтэрв’ю БелаПАН малодшы віцэ-прэзідэнт — аналітык міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Moody’s Investor Service Святлана Паўлава.

belapan.by