Адвакат Марыі Калеснікавай падала заяву аб прыняцці яе абароны ў Дзяржпагранкамітэт Беларусі



Адвакат Людміла Казак — адна з абаронцаў члена прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, каардынатара штаба Віктара Бабарыкі Марыі Калеснікавай — падала заяву аб прыняцці яе абароны ў Дзяржпагранкамітэт Беларусі.

Як паведамляе прэс-служба штаба Бабарыкі, адвакат „просіць неадкладна паведаміць ёй пра працэдуры, якія праводзяцца з Калеснікавай, даць звесткі аб службовай асобе, адказнай за разгляд, сутнасці выстаўленых прэтэнзій і месцы яе ўтрымання”.

У заяве адзначаецца, што права на абарону належыць кожнаму з моманту затрымання, а супрацьдзеянне аказанню юрыдычнай дапамогі ў Беларусі забароненае Канстытуцыяй.

„Намеснік начальніка ведамства прыняў заяву асабіста і сказаў, што калі ў дачыненні да Калеснікавай вядзецца адміністрацыйны працэс, адвакат будзе праінфармаваная пра гэта”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Адвакат і член прэзідыума КР Максім Знак звязаўся па тэлефоне з аператыўным дзяжурным Мазырскага пагранатрада. „Той паведаміў, што ў яго няма інфармацыі аб затрыманнях у пункце пропуску „Аляксандраўка” (на якой нібыта адбыліся падзеі сёння раніцай) і прапанаваў звярнуцца ў прэс-службу Дзяржпагранкамітэта. Прэс-служба, у сваю чаргу, пацвердзіла затрыманне Марыі Калеснікавай, але не змагла адказаць, дзе яно адбылося і на якіх падставах”, — паведамляе тэлеграм-канал Бабарыкі.

Інфармацыя аб затрыманні Марыі Калеснікавай з’явілася раніцай 7 верасня. Чытачка партала tut.by паведаміла рэдакцыі, што стала сведкай затрымання. Паводле яе слоў, ля Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску людзі ў цывільным адзенні і масках пасадзілі Калеснікаву ў мікрааўтобус з надпісам „Сувязь” і павезлі. У пошуках Марыі Антон Раднянкоў (супрацоўнік прэс-службы КР) і Іван Краўцоў (выканаўчы сакратар рады) паехалі да яе дамоў, пасля чаго сувязь з імі знікла.

Раніцай 8 верасня афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі паведаміў БелаПАН, што Калеснікава была затрыманая пры перасячэнні беларуска-ўкраінскай мяжы. Паводле яго слоў, Калеснікава, Раднянкоў і Краўцоў у 4.10 праходзілі афармленне ў памежным пункце пропуску „Аляксандраўка”. Далей яны паехалі на аўтамабілі „БМВ” у бок украінскай тэрыторыі. „Сустрэўшы на дарозе пагранічны нарад, машына рэзка паскорылася, стварыўшы пагрозу жыцця вайскоўца органаў памежнай службы. Калеснікаву фактычна выпхнулі з „БМВ”. Аўтамабіль працягнуў рух і пакінуў тэрыторыю Беларусі. На гэты момант Марыя Калеснікава затрыманая для ўстанаўлення абставінаў таго, што адбылося. Будзе дадзеная прававая ацэнка”, — сказаў Бычкоўскі.

Гэтую версію абверг намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка. Паводле яго інфармацыі, выезд Калеснікавай, Раднянкова і Краўцова з Беларусі не быў добраахвотным. „Гэта было гвалтоўнае выправаджэнне з роднай краіны, — напісаў ён на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”. — Марыю Калеснікаву не ўдалося выправадзіць з Беларусі, таму што гэтая смелая жанчына прыняла меры па прадухіленні яе перамяшчэння цераз мяжу. Яна засталася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Усю адказнасць за яе жыццё і здароўе нясе персанальна Аляксандр Лукашэнка”.

belapan.by