У Глыбокім працягваюцца суды над пратэстоўцамі
Суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч 8 верасня пакараў штрафамі Дзяніса Локцева і Юрыя Татарыновіча за ўдзел у пратэставым мітынгу ў Глыбокім.
На суд прыйшлі падтрымаць іх неабыякавыя глыбачане, але Юрый Татарыновіч сам не захацеў, каб на яго судзе прысутнічалі ўсе і абраў толькі адну жанчыну ў якасці сваёй падтрымкі з тых, хто прыйшоў. Астатнія засталіся чакаць вынікаў суда па-за межамі судовай залы.
Кажуць глыбачане з групы падтрымкі:
– Татарыновіч, можа, думае, што ён і так ведае законы і яму не патрэбная падтрымка. Відаць, што ён яшчэ не сутыкаўся з гэтай хлуслівай сістэмай і не ведае, што суды не выконваюць ніякіх законаў.
– Падтрымка заўжды патрэбная. Асабліва тым людзям, якія змагаюцца за новую Беларусь. Тое, што нехта верыць яшчэ ў нашы сумленныя суды – гэта поўная лухта. Тут ніякія апраўданні не прымаюцца, на артыкулы Канстытуцыі яны абсалютна не звяртаюць увагі, да Міжнародных пактаў проста ставяцца абыякава.
Выйшаўшы з залы суда, Юрый Татарыновіч падзякаваў усім прысутным за падтрымку. Але яго ўпэўненасць не дапамагла. Яму прысудзілі штраф 10 базавых велічыняў, нават большы за той, які атрымаў Дзяніс Локцеў – 8 базавых.
Як кажа Дзяніс Локцеў, на мітынг ён выйшаў з-за таго, што не згодзен з тым, што адбываецца ў краіне:
– Калі б я насіў форму, пагоны, то я б так не рабіў.
РР: А калі на вас склалі пратакол?
– Чысло дакладна сказаць не магу, але за што? Мяне вінавацяць, што я хаджу на несанкцыянаваныя мітынгі, што наш Глыбоцкі райвыканкам не даваў дазвол на такія мітынгі.
Тут у мяне былі два бакі – пагадзіцца і не пагадзіцца з пратаколам, быццам між двух агнёў. З аднаго боку сям’я і дзеці, а з другога – дзяржава і так далей.
Штраф Дзяніса Локцева складае 216 беларускіх рублёў, а заробак у месяц ён атрымлівае 375 рублёў, працуючы грузчыкам. Ён жанаты і мае траіх няпоўнагадовых дзяцей. Юрый Татарыновіч – прадпрымальнік.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя