Ігар Барысаў: Сваіх апанентаў улады хочуць паказаць здраднікамі
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў разважае пра тое, чаму ўлады сёння выкідваюць сваіх апанентаў за мяжу.
Нагадаем, што сёння дзяржСМІ паведамілі, што машына з сябрамі Каардынацыйнай рады Іванам Краўцовым, Антонам Радзянковым і Марыяй Калеснікавай паспрабавала прарвацца праз украінскую мяжу.
У выніку высветлілася, што Марыя Калеснікава не перасекла мяжу Украіны, бо пры спробе яе гвалтоўнага вывазу з тэрыторыі Беларусі яна парвала свой пашпарт.
Ігар Барысаў: Улады хочуць пазбавіцца ад тых суб’ектаў, з якімі можна патэнцыйна весці перамовы. Каардынацыйную раду хочуць разбурыць – яе сябраў выкідваюць з краіны, узбуджаюць крымінальныя справы, адпраўляюць на «суткі». Ім не патрэбен гэты суб’ект для перамоўчага працэса, яны хочуць паказаць, што маюць поўную манаполію на прыняцце рашэнняў.
Але, на маю думку, працоўныя альбо студэнцкія калектывы – гэта не тыя суб’екты, якія могуць весці перамовы, бо яны не ўдзельнічаюць у палітычным працэсе. Але трэба разумець, што сам па сабе палітычны крызіс у краіне не пройдзе.
РР: Чаму ўлады прымушаюць сваіх апанентаў пакінуць краіну?
Ігар Барысаў: Безумоўна, маглі б проста завесці крымінальную справу і кінуць у ізалятар. У нашай краіне любое беззаконне ўжо ўзаконена.
Але, відаць, прапагандыстамі пастаўлена задача паказаць, што Рада каардынуецца знешнімі сіламі з Захаду, а таму людзей і адпраўляюць у Польшчу, Літву ці Украіну. Карцінку важна паказаць Расеі, бо беларускі народ у гэтыя казкі ўжо не верыць і лёгка пазнае, дзе праўда, а дзе хлусня.
Акрамя таго, улады імкнуцца паказаць: маўляў, як толькі лідары пратэстаў адчулі пах смажанага, то адразу збеглі. Тым самым, хочуць і пратэстоўцам выставіць здраднікамі ідэі і давесці, што ўжо няма з кім весці перамовы.Фармуюць негатыўны вобраз сваіх апанентаў у вачах беларусаў. Наколькі атрымліваецца – іншая справа.
РР: Ці паўплывае высылка сябраў Каардынацынай рады за мяжу на будучыя пратэсты людзей?
Ігар Барысаў: Я не думаю, што Рада ў стане ўздзейнічаць на пратэсты. Гэтак жа, як на гэта не могуць уздзейнічаць і апазіцыйныя партыі. Пратэсты сёння ў асноўным каардынуюцца праз сацыяльныя сеткі, дзе людзі самі арганізуюцца, і гэта ўжо нават выйшла за межы Тэлеграм-каналаў, бо з’явілася мноства лакальных чатаў, дзе адбываецца каардынацыя.
Мяркую, беларусы не супакояцца да таго часу, пакуль не будзе пошук кампрамісу і выхаду з палітычнага тупіка, у які зараз патрапіла ўлада. І, каб усе адзін аднаго пачулі, трэба размаўляць. А размаўляць улада не хоча, а таму і выкідваюць апанентаў за межы краіны.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя