У Бярозе прайшлі суды за „Марш памяці і салідарнасці”



7-8 верасня прайшлі суды над трыма бярозаўскімі актывістамі за „Марш  памяці і салідарнасці” ў Бярозе 23 жніўня.

Суддзя Бярозаўскага суда Наталля Мінчанка пакарала дваіх, Ігара Шыманчыка і Святлану Кісялевіч штрафам 5 базавых велічынь. Рыгора Бараноўскага – трыма базавымі. Суддзя ўлічыла яго сямейны стан і тое, што ён далучыўся да людзей у самым канцы. Усе трое віны не прызналі, кажа Святлана Кісялевіч:

– Я разумею, што гэта незаконна. Я не ўдзельнічала. У Беларусі няма суда. Сэнс падаваць на апеляцыю. Канстытуцыя ёсць, але не для нас яна напісаная.  Куды ні падкніся, усюды беззаконнасць.

Довады міліцыянтаў Сяргея Манцэвіча і Паўла Ваўчка пра віну актывістаў не вытрымліваюць крытыкі. У пратаколе для паглыблення віны напісана 5 частак артыкула 23.34 Закона аб  масавых мерапрыемствах.

А довад адзін: удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, кажа маёр Сяргей Манцэвіч:

– Мерапрыемства было несанкцыянаванае. Усе гэтыя дзеянні, швэндаліся менавіта ў майцы з сімволікай апазіцыйнай, якая сваім нават знешнім выглядам ужо гаворыць пра тое, што чалавек выказвае сваё меркаванне.

Паводле Сяргея Манцэвіча, бел-чырвона-белы сцяг на плячах – гэта знак арганізатара мерапрыемства. Можна толькі паспачуваць ахоўнікам рэжыму. Немагчыма вызначыць арганізатара, калі людзі без лозунгаў, транспарантаў моўчкі ішлі ланцужком па пешаходнай дарожцы галоўнай вуліцы да царквы, дзе хвілінай маўчання ўшанавалі памяць па загінулых  9-10 жніўня ў барацьбе за свабоду і справядлівасць.

Беларускае Радыё Рацыя