Полацкі музей беларускага кнігадрукавання адзначыў 30-годдзе



З гэтай нагоды ў музеі адбылося адмысловае ўрачыстае мерапрыемства, у якім акрамя полацкіх гасцей, у тым ліку і старшыні Полацкага райвыканкама Ігара Марковіча, узялі ўдзел кіраўнікі беларускіх музеяў з Менска і Віцебска.

Пра сваіх гасцей кажа загадчыца музея кнігадрукавання Славіна Гаўрылава:

– Гэта сведчыць сапраўды пра тое, што музей беларускага кнігадрукавання мае свой пэўны статус не толькі ў культурнай прасторы горада Полацка, не толькі ў прасторы Віцебскага рэгіёну, але і ўвогуле ў музейнай культурнай прасторы ўсёй Беларусі. Гэтым сведчаннем і дырэктары буйнейшых беларускіх музеяў з Менску і Нацыянальнага гістарычнага музея, Нацыянальнага мастацкага і Музея гісторыі беларускай літаратуры і гэтак далей.

Падчас урачыстасці адбылося і яшчэ адно мерапрыемства – Полацкі нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.

Кажа Славіна Гаўрылава:

– Гэта важна, таму што вось гэтыя мікрасувязі на розных узроўнях дапамагаюць нараджаць ідэі і ствараць вельмі цікавыя праекты як для саміх музейшчыкаў, так і для наведвальнікаў музеяў.

На вечарыне сярод іншых гасцей выступіў полацкі мастак і дызайнер Ігар Куржалаў, які і быў асноўным стваральнікам незвычайнай экспазіцыі Полацкага музея беларускага кнігадрукавання. Усе выступоўцы адзначалі, што за мінулы час экспазіцыя музея ніколькі не састарэла і па-ранейшаму з’яўляецца цікавай і сучаснай.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя