Старт хакейнай Лігі чэмпіёнаў перанесены
У сувязі з бягучай нявызначанасцю, выкліканай COVID-19 і абмежаваннямі на паездкі паміж еўрапейскімі краінамі, савет дырэктараў хакейнай Лігі чэмпіёнаў вырашыў адкласці пачатак сезона 2020/21 да 17 лістапада. Раней меркавалася, што турнір пачнецца 6 кастрычніка. Рашэнне аб пераносе не паўплывае на фармат спаборніцтваў. Аднак першыя два раунды будуць скарочаныя: абодва матчы серыі будуць згуляныя запар у адным і тым жа горадзе, дзе базуецца каманда з больш высокім нумарам пасеву. Гэта азначае, што менскае „Юнацтва” згуляе абодва матчы з „Оцеларжы” у Чэхіі, а гарадзенскі „Нёман” правядзе два паядынкі з „Фрэлундай” у Швецыі.
Ігар Кавалевіч дыскваліфікаваны на тры матчы і аштрафаваны на 80 базавых велічынь
Галоўны трэнер гарадзенскага „Нёмана” Ігар Кавалевіч дыскваліфікаваны на тры матчы і аштрафаваны на 80 базавых велічынь (2160 рублёў). Такое пакаранне настаўніку абвясціў КДК БФФ пасля перанесенага паядынку 9-га тура вышэйшай лігі „Менск” – „Нёман” (4:3), які адбыўся на стадыёне „Трактар” 29 жніўня.
Кантрольна-дысцыплінарны камітэт БФФ аштрафаваў „Крумкачоў” на 50 і 75 базавых велічынь (3375 рублёў) за затрымку і невыкананне патрабаванняў па арганізацыі матчу 1/16 фіналу Кубка Беларусі супраць менскага „Дынама” (2:0).
Марыя Папова падпісала кантракт з УГМК
Нападніца зборнай Беларусі Марыя Папова працягне кар’еру ў адным з наймацнейшых расейскіх клубаў – УГМК, колеры якога ў свой час бараніла цэнтравая Алена Леўчанка. У мінулым сезоне беларуска выступала ў складзе польскай „Гдыні”. Марыя – чэмпіёнка і ўладальніца Кубка Польшчы (2020), сярэбраная прызёрка чэмпіянату Польшчы (2019), сярэбраная прызёрка чэмпіянату Бельгіі (2014), бронзавая прызёрка чэмпіянату Турцыі (2017), – адзначае сайт УГМК .
Беларус Ягор Герасімаў не трапіў у асноўную сетку тэніснага турніру ў Кіцбюэлі
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў (72-ы нумар сусветнага рэйтынгу) не здолеў выйсці ў асноўную сетку турніру ў аўстрыйскім Кіцбюэлі. У вырашальным паядынку кваліфікацыі Ягор Герасімаў за паўтары гадзіны прайграў у двух сэтах нямецкаму тэнісісту Максіміліяну Мартэрэру (337) – 4:6, 4:6.
Юлія Гатоўка (438 ВТА) не змагла прабіцца ў асноўную сетку турніру ў французскім Сен-Мало з прызавым фондам 60 тысяч долараў. У другім крузе кваліфікацыі беларуска, пасеяная пад 7-м нумарам, саступіла ў двух партыях гаспадыні корта Дрозе Обан (1013) – 4:6, 4:6.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя