Адвакат Ілья Салей затрыманы на трое сутак
Ілья Салей, юрыст штаба Віктара Бабарыкі і адзін з адвакатаў члена прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Марыі Калеснікавай, затрыманы на трое сутак.
Як паведаміў БелаПАН яго бацька і адвакат Васіль Салей, Ілья знаходзіцца ў статусе падазраванага па справе на падставе ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і змешчаны ў ІЧУ на Акрэсціна.
На пытанне, як сябе адчувае цяпер яго сын, Васіль Салей адказаў: „Усё выдатна. Ён выдатна разумеў, чым займаецца. Мы былі гатовыя да гэтага. Усё развіваецца так, як і прагназавалася”.
Ілью Салея акрамя бацькі абараняе яшчэ адзін адвакат.
Раніцай у кватэры Салея супрацоўнікі Следчага камітэта правялі вобшук, падчас якога Салей-старэйшы разам з сынам прысутнічалі. „Следчы быў такі ласкавы, што дапусціў нас, хоць не ад самага пачатку гэта было. Але ўсё было максімальна карэктна”, — адзначыў ён.
* * *
Супрацоўнікі Следчага камітэта раніцай 9 верасня правялі вобшук у кватэры Ільі Салея — юрыста штаба Віктара Бабарыкі, аднаго з адвакатаў члена прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Марыі Калеснікавай.
Яго бацька, адвакат Васіль Салей, паведаміў БелаПАН, што падчас вобшуку нічога не было выяўлена і нічога не канфіскавана. „Усе былі максімальна карэктныя і ветлівыя. Зараз паехалі ў цэнтральны апарат Следчага камітэта на допыт”, — сказаў ён.
Паводле яго слоў, вобшук праводзіўся ў сувязі з распачатай крымінальнай справай на падставе ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Разам з тым статус Ільі Салея, як сказаў яго бацька, „пакуль незразумелы”.
Салей-старэйшы бачыў сына, ён прысутнічаў у кватэры падчас вобшуку. „Следчы быў такі ласкавы, што дапусціў нас, хоць не ад самага пачатку гэта было. Але ўсё было максімальна карэктна”, — адзначыў ён.