У Беларусі зніжаецца таваразварот з асноўнымі гандлёвымі партнёрамі



Агульны экспарт тавараў з Беларусі за паўгода ўпаў на 20%, пастаўкі нафтапрадуктаў знізіліся ў 2,7 раза, паведамляе «Радыё Свабода».

За першыя паўгода вонкавы гандаль Беларусі істотна зменшыўся ў параўнанні з такім жа перыядам летась. Усяго экспарт упаў на 20%, настолькі ж знізілася агульнае тавараабарачэнне. Зніжэнне, паводле звестак Белстата, назіраецца з усімі асноўнымі гандлёвымі партнёрамі.

З якімі краінамі зменшыўся гандаль

Нямеччына – традыцыйны гандлёвы партнёр Беларусі, таваразварот за паўгода знізіўся на 17% (усяго яно склала 1,1 мільярда даляраў), а найбольш прасеў экспарт: мінус 39% у параўнанні з першым паўгоддзем 2019 года. Імпарт скараціўся на 2%.

Вялікабрытанія – адзін з буйных пакупнікоў беларускіх нафтапрадуктаў. Тавараабарачэнне ўпала на 72%, экспарт – на 76%. Агульная сума тавараабарачэння – 338 мільёнаў даляраў, што нашмат менш, чым летась за такі ж перыяд.

Украіна – другі буйны пакупнік беларускіх нафтапрадуктаў, за паўгода агульнае тавараабарачэнне склала 2 мільярды даляраў, яно абрынулася за паўгода на 25%; на 29% знізіўся экспарт і на 17% імпарт.

Расея – асноўны гандлёвы партнёр Беларусі, агульнае тавараабарачэнне за паўгода 13,2 мільярда даляраў, яно знізілася на 22%; экспарт упаў на 6,5%, імпарт на 31%.

Польшча – яшчэ адзін стратэгічны гандлёвы партнёр Беларусі, тавараабарачэнне за паўгода склала 1,1 мільярда даляраў і знізілася на 14%; экспарт асеў на 20%, імпарт на 8%.

Якія тавары сталі менш набываць

Нафтапрадукты – асноўная крыніца прытоку валюты ў Беларусь. За паўгода Беларусь экспартавала нафтапрадуктаў на 979 мільёнаў даляраў. Асноўнымі пакупнікамі былі Украіна (509 мільёнаў даляраў) і Вялікабрытанія (249 мільёнаў даляраў). Пры гэтым экспарт нафтапрадуктаў скараціўся ў параўнанні з такім жа перыядам летась у 2,7 разы.

Экспарт мінеральных прадуктаў у параўнанні з мінулым годам за перыяд 6 месяцаў скараціўся ў 2,5 раза. На гэтых прадуктах здолелі зарабіць толькі 1,3 мільярда, у параўнанні з 3,4 мільярдамі за першае паўгоддзе 2019 года.

У 1,2 раза скараціўся экспарт хімічнай прамысловасці: гэта, у тым ліку, і прадукцыя Гарадзенскага гіганта «Гродна Азот». Калі ў 2019 годзе за першыя 6 месяцаў хімічнай прадукцыі прадалі на 2,3 мільярда даляраў, то цяпер толькі на 1,9 мільярда.