«Белгазпрамбанк»: У жніўні выкананыя ўсе нарматывы ліквіднасці
ААТ «Белгазпрамбанк» у жніўні выканала ўсе нарматывы ліквіднасці і абавязацельствы перад укладчыкамі і крэдыторамі, гаворыцца ў паведамленні на сайце банка.
«Нягледзячы на агульную негатыўную дынаміку кліенцкага прыцягнення, на працягу ўсяго месяца банкам забяспечанае захаванне прудэнцыйных нарматываў ліквіднасці, роўна як і ўсіх абавязацельстваў перад укладчыкамі і крэдыторамі», – падкрэсліваецца ў прэс-рэлізе.
Адзначаецца, што ў жніўні бізнес-кліенты банка павялічылі рэшткі на бягучых (разліковых) рахунках больш як на 14%.
Рэнтабельнасць актываў банка (ROaA) за мінулы месяц не змянілася і на 1 верасня складала 1,9%.
Паводле вынікаў працы за жнівень банкам атрыманы прыбытак 6,6 млн рублёў, зацверджаны план па прыбытку за восем месяцаў выкананы на 105%, гаворыцца ў паведамленні.
Згодна з папярэднімі ацэнкамі, на 1 верасня банк займаў шостае месца ў банкаўскай сістэме па памеры чыстага прыбытку (на адну пазіцыю вышэй, чым у аналагічны перыяд мінулага года).
Асноўныя акцыянеры «Белгазпрамбанка» – расейскія кампаніі «Газпром» і «Газпромбанк». 11 чэрвеня ў галаўным офісе «Белгазпрамбанка» прайшоў вобшук у межах крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праверка праводзілася паводле яго даручэння.
Пасля гэтага Нацыянальны банк увёў у банк часовую адміністрацыю і яе кіраўніком прызначыў Надзею Ермакову. Паўнамоцтвы праўлення ААТ «Белгазпрамбанк» на перыяд дзеяння часовай адміністрацыі па кіраванні банкам прыпыненыя.
«Газпрам» і «Газпрамбанк» назвалі дзеянні Нацбанка па прызначэнні новых кіраўнікоў у «Белгазпрамбанку» незаконнымі і адмовіліся ад супрацоўніцтва з часовай адміністрацыяй.
18 чэрвеня экс-кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка, які ўзначальваў банк прыблізна 20 гадоў і пакінуў яго ў маі ў сувязі з удзелам у прэзідэнцкіх выбарах, быў затрыманы паводле абвінавачання ў арганізацыі супрацьпраўнай дзейнасці.
Прадстаўнікі ўлады сцвярджаюць, што ў крымінальным пераследзе Бабарыкі няма палітычнай падаплёкі. Сам ён перакананы ў адваротным.
Раней паведамлялася, што за другі квартал 2020 года сродкі кліентаў у «Белгазпрамбанку» скараціліся на 30,6%, або на 1.008,8 млн рублёў. На 1 ліпеня сродкі кліентаў у банку складалі 2.283,5 млн рублёў супраць 3.292,3 млн рублёў на 1 красавіка.