Акцыя ў падтрымку Марыі Калеснікавай у Менску



Некалькі дзясяткаў жанчын правялі вечарам 9 верасня ў Менску акцыю ў падтрымку Марыі Калеснікавай.

У 18.15 ля гандлёвага цэнтра „Няміга 3” сабраліся больш за 20 жанчын. Яны трымалі плакаты: „Гатовыя выкрасці, пасадзіць і выгнаць сотні тысяч жанчын? Ну-ну, героі”, „Марыя, вы круцейшая за ўсіх герояў Marvel. Дзякуй, што вы ёсць”, „Марыя, ты наш герой! І што б ні здарылася, мы з табой”, „Добрая Маша, але не ваша”.

Прысутных на камеру здымаў супрацоўнік праваахоўных органаў у медыцынскай масцы, а міліцыянер у форме заяўляў у гучнагаварыцель аб тым, што мерапрыемства не санкцыянаванае, і прапаноўваў разысціся.

На месцы акцыі з’явіліся невядомыя ў масках у цывільным адзенні, а таксама сілавікі ў чорных балаклавах і зялёнай форме без апазнавальных знакаў. Ад журналістаў запатрабавалі адысці на адлегласць 50 метраў: „У мэтах вашай бяспекі, каб не наступіла негатыўных наступстваў, каб вы не пацярпелі, каб потым не пісалі, што вас б’юць”.

Частка жанчын пасля з’яўлення праваахоўнікаў пайшла ў бок праспекта Пераможцаў, частка засталася. Прыкладна ў гэты ж час да акцыі далучыліся яшчэ больш за дзесяць дзяўчат, і пачаліся затрыманні.

Увогуле, як здолелі заўважыць журналісты, было затрымана не менш як сем жанчын, а таксама хлопец з веласіпедам і бел-чырвона-белым сцягам. Усіх пасадзілі ў мікрааўтобусы.

Прахожыя, якія назіралі за дзеяннямі сілавікоў, крычалі „Ганьба!” і „Трыбунал!”. Паступова дзяўчыны пайшлі ад гандлёвага цэнтра.

Член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Марыя Калеснікава была выкрадзеная раніцай 7 верасня ў цэнтры Мінска невядомымі ў масках. Праз некалькі гадзін знікла сувязь з прэс-сакратаром КР Антонам Раднянковым і выканаўчым сакратаром рады Іванам Краўцовым. На наступны дзень стала вядома, што ўсіх траіх гвалтоўна вывезлі ва Украіну, аднак Калеснікаву выправадзіць з Беларусі не ўдалося, бо на мяжы яна парвала свой пашпарт.

9 верасня стала вядома, што Калеснікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Мінску ў статусе падазраванай па справе паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

belapan.by

Фота: Надзеі Бужан