Беларусы звяртаюцца па дапамогу ў Фонд “Беларускі дом” у Варшаве
Ужо некалькі дзясяткаў беларусаў, якія пацярпелі у выніку грубых дзеянняў сілавікоў падчас жнівеньскіх акцыяў пратэсту, звярнуліся па дапамогу у Фонд “Беларускі дом” у Варшаве.
Ім аказваецца ўсебаковая дапамога, кажа старшыня Фонду – Алесь Зарэмбюк:
– Увесь час прыязджаюць людзі. На гэтым тыдні прыехалі людзі ў вельмі цяжкім стане, адна асоба з пераломам пазваночніка. Усе гэтыя людзі адразу атрымліваюць неабходнае лячэнне ў шпіталі Міністэрства ўнутраных спраў у Варшаве. А пасля таго, як праходзяць каранцін, атрымліваюць неабходную медыцынскую дапамогу, тады іх накіроўваем у санаторый, каб яны маглі там працягнуць сваю рэабілітацыю.
Фонд “Беларускі Дом” у Варшаве аказвае дапамогу рэпрэсаваным беларусам у супрацоўніцтве з Фондам міжнароднай салідарнасці (Solidarity Fund PL) у рамках польскага ўрадавага плана „Салідарныя з Беларуссю”.
Дапамогу аказваюць ўсім асобам, якія пацярпелі ў выніку дзеянняў АМАПу, міліцыі і іншых службаў (медыцынская дапамога, рэабілітацыя, псіхалагічная падтрымка), якія былі звольненыя з працы або былі аштрафаваныя з-за ўдзелу ў забастоўках або пратэстах (юрыдычная дапамога, матэрыяльная і фінансавая дапамога, падтрымка ў пошуку працы) ці былі выключаныя са школ або каледжаў або падвергнутыя іншым рэпрэсіям (стыпендыяльная праграма).
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя