Глыбокае: На 11 верасня запланавана восем судоў
Восем судоў і некалькі выклікаў у Глыбоцкі РАУС адбудуцца 11 верасня ў дачыненні да пратэстоўцаў. Такім чынам улада спадзяецца згасіць хвалю актыўнасці глыбачанаў і перашкодзіць акцыі, якая мае адбыцца ў нядзелю.
Паводле Яраслава Берніковіча, улады шукаюць такім чынам каардынатараў пратэстаў, бо думаюць, што гэтыя акцыі некім каардынуюцца.
– І хочуць гэтых “каардынатараў” закрыць і неяк адхіліць ад удзелу ў акцыях. Яны не разумеюць, што акцыі нікім не плануюцца і не каардынуюцца. Людзі выходзяць самастойна.
Як кажа Людміла Барэйка, гэта ўсё робіцца наўмысна ў пятніцу, перад выходнымі. Таму невядома, ці выйдуць яны на волю пасля наведвання Глыбоцкага РАУС:
– Гэта наўмысна робіцца ў пятніцу, каб не маглі выйсці ў нядзелю. Гэтак робіцца па ўсёй Беларусі. Ужо не глядзяць на законы ніякія, а проста пагашаюць пратэст.
Міліцыя пачала актыўную працу па прадухіленні новых пратэстаў, бо Глыбокае – гэта адзін з невялікіх гарадоў Беларусі, дзе прайшло шмат пратэставых акцый. За месяц адбылося некалькі ланцугоў салідарнасці, шэсці і маршы па горадзе ды іншыя акцыі пратэсту.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя