Суд прызнаў незаконным страйк шахцёраў «Беларуськалія» (абноўлена)



У Менскім абласным судзе 11 верасня адбыўся разгляд справы прадпрыемства «Беларуськалій». Кіраўніцтва падала ў суд на страйкам з патрабаваннем прызнаць абвешчаны шахцёрамі страйк незаконным. І суд прыняў бок кіраўніцтва прадпрыемства.

Але пры той сістэме, якая иснуе, няўдача ў судзе была для страйкоўцаў чаканай, таму пра спыненне страйку мовы няма. І ўсё ж наколькі істотны шахцёрскі рух у гэтыя дні? Пра гэта распавёў Сяргей Казелька – адзін з рабочых «Беларуськалія».

– Спрабуем неяк арганізавацца, прымаем людзей, якія да нас ідуць. Нядаўна быў выпадак, калі чалавек прыкаваў сябе. Ён таксама далучыўся да страйку. Чакаем, людзі, у прынцыпе, абуджаюцца. У кожнага ёсць пачуццё страху, але хто можа перадужаць яго, тыя прыходзяць. Мы чакаем, рана ці позна штосьці будзе.

Шэраг шахцёраў ужо страцілі працу, але гэта не нагода падаць у адчай. Настроі ў Салігорску ўжо распаліліся дзеяннямі ўлады, а тое, што гвалт працягваецца, а за збітых шахцёраў і іх дзяцей ніхто не панёс адказнасці робяць будучы ўсплёск пратэстаў немінучым, лічаць работнікі прадпрыемства.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

***

Суд Менскай вобласці прызнаў страйк шахцёраў «Беларуськалія» незаконным. Рашэнне вынесла суддзя Валянціна Караткевіч.

Малодшы саветнік юстыцыі Святлана Мандрыкава заявіла, што прыняцце рашэння аб забастоўцы і сама забастоўка праведзены з парушэннем патрабаванняў Працоўнага кодэкса. У прыватнасці, да абвяшчэння і правядзення страйку не было пасяджэння прымірыцельнай камісіі, не выкананая працэдура прыняцця рашэння аб аб’яўленнi і правядзенні забастоўкі, наймальнік не быў своечасова папярэджаны стачкамам пра рашэнне правесці страйк, патрабаванні якія высоўваюцца ў ходзе забастоўкі не звязаны з вырашэннем калектыўнай працоўнай спрэчкі і т.д.

Юрыст Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова, якая прадстаўляла інтарэсы адказчыка Сяргея Шыца, адзначыла, што страйк шахцёраў праходзіў у выключных для краіны ўмовах. Паводле яе слоў, работнікі прадпрыемства былі абураныя найгрубейшай фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, а таксама самымі жорсткімі разгонамі, здзекаваннямі, збіццём і забойствамі мірных пратэстуючых, таму ў знак пратэсту выйшлі на страйк.

Юрыст адзначыла, што паводле заканадаўства работнікі маюць права на страйк толькі для вырашэння калектыўнай працоўнай спрэчкі, што абмяжоўвае правы працоўных. «У гэтай краіне немагчыма правесці законны страйк», – заявіла Яськова.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tut.by

***

14.45 Перапынак паўгадзіны.

На здымку адвакат страйкама.

14.13 22 жніўня прыйшоў адказ Галаватага. У ім гаварылася, што страйк з такімі пунктамі быў незаконным. Але яшчэ 20 жніўня Шыц склаў з сябе паўнамоцтвы і выйшаў з страйкама. Матывацыяй было тое, што многія з тых, хто патрабаваў бараніць іх інтарэсы ў кіраўніцтве страйкама, вярнуліся да працы. 19 і 20 пры гэтым Шыц на сваю працу на рудніку не вяртаўся, толькі прыязджаў і бачыў малую колькасць або нават адсутнасць людзей на сходзе страйкама. 21 жніўня апоўдні Шыц у размове з начальнікам сказаў, што гатовы працаваць. Адсутнасць сваю на працы ў папярэднія дні патлумачыў у вуснай форме. МУС праводзіў з Шыцам размову, а наймальнік ніякіх спагнанняў за адсутнасць на працы ў папярэднія дні не выносіў.

13.59 Шыц кажа, што памяшканне страйкоўцам „Беларуськалія” ў незалежным прафсаюзе ім прадставілі. Толькі перашкаджалі людзі, якія раздавалі свае парады. Пратакол пасля перапрацоўкі Шыцам і Бокунам быў перададзены Галаватаму праз канцылярыю. Шыц кажа, што знайсці юрыста было праблемай. 19 жніўня ён знайшоўся. І пачаліся кансультацыі.

13.44 Шыцу людзі даручылі працу на іншым участку, з рудаўпраўлення ён пераехаў на сядзібу незалежнага прафсаюза. Начальніка ўчастку Шыц апавясціў аб тым, што на сваё рудаўпраўленне 17 жніўня ён не выйдзе. Па 2 чалавекі ад кожнага рудаўпраўлення паехалі на працу ў офіс прафсаюза замест звычайных абавязкаў. Прадстаўнік страйкама Павел Разумоўскі накіраваў іх у офіс БНП, які знаходзіцца ў горадзе і па-за межамі прадпрыемства. Шыц паехаў туды з калегам Яўгенам Сірэнкам.

13.33 Шыц заяўляе, што людзі былі вельмі абураныя і таму досыць актыўна закідалі генеральнаму дырэктару Галаватаму спробы ўнікнуць адказу на палітычныя патрабаванні калектыва. Шыц: з натоўпу спантанна было прапанавана стварыць страйкам. Пачаць збіраць подпісы. Подпісы збіраліся вельмі актыўна. Страйкамы паўсталі на кожным рудаўпраўленні. І пачалі вызначацца па два прадстаўнікі страйкама.

13.26 Пачынаецца допыт адказчыка Сяргей Шыца, прадстаўніка страйкама. Ён называе пунктам адліку 14 жніўня. Гаворыць, што рабочых вельмі абурылі дзеянні сілавікоў. Рабочыя, у тым ліку і Шыц, прыходзілі ў Незалежны саюз гарнякоў і іншыя арганізацыі. Прасілі абараніць іх. Пад затрыманні падчас зачыстак горада Салігорска траплялі і тыя, хто ні ў чым не ўдзельнічаў, а проста ішоў па вуліцы. Многіх збівалі і прыніжалі. Тады якраз і былі складзеныя патрабаванні рабочых.

13.25 Мінюковіч кажа, што кіраўніцтва звярталася да міліцыі і медыкаў і шукала рабочых. Атрымала адказ, што ніхто з гэтых рабочых не затрымліваўся і не ляжыць у лякарнях.

13.24 Складзены акты тэлефонных размоў з адсутнымі рабочымі і наведвання іх дамоў.

13.20 Разглядаецца сход шахцёраў 17 жніўня. Былі і начальнікі цэхаў. Мінюковіч кажа, што 17-га былі толькі палітычныя патрабаванні, а 18-га пра калектыўную дамову і яе працяг. Таксама яна кажа, што работнікі пісьмовыя тлумачэнні не давалі. Сямёра чалавек ужо звольненыя з прадпрыемства.

13.17  Выступае намесніца начальніка аддзелу кадраў 4-га рудаўпраўлення Таццяна Мінюковіч.

13.11 Прадстаўнічка аддзелу кадраў Маразевіч у зале суда назвала сход шахцёраў „зборышчам”. Хаця сама не прысутнічала на месцы, але кажа, што сход быў незаконным.

13.09 Чаркасаў кажа, што сход калектыва адбыўся яшчэ 14 жніўня. З удзелам кіраўніка „Беларуськалія” Галаватага. Гірын пра сваё 2-е рудаўпраўленне выказваецца, а пра агульны сход нават каментар не жадае даваць.

13.07  Пакуль кожны з пазоўшчыкаў, у тым ліку кадравік аднаго з рудаўпраўленняў Гірын, пазбягае прамога адказу на пытанне, ці падтрымаў ён/яна ці нехта з кіраўніцтва палітычныя патрабаванні страйкоўцаў. Кажуць, што гэта не ляжыць у ягонай плоскасці.

12.59 Яшчэ адзін пазоўшчык кажа, што да страйку заклікаў Незалежны прафсаюз гарнякоў. Шахцёры, якія знаходзяцца ў зале, недаверліва смяюцца.

12.55 Адвакат пытае ў прадстаўніцы аддзела кадраў 1-га рудаўпраўлення, ці быў пісьмовы зварот да Анатоля Бокуна з патрабаваннем даць тлумачэнне аб непрыходзе на працу. Тая адказвае, што ёсць, Бокуну накіроўваўся ліст з просьбай прыйсці ў адміністрацыю і даць тлумачэнні.

12.47 Вядомы страйковец Бокун не хадзіў на працу з 20 жніўня. Пры гэтым прадстаўніца кажа, што звольнены ён у першы дзень „прагулу”. Загадам ад 28-га жніўня.

12.40 Суд чарговы раз здымае пытанне адвакатаў. Пра палітычны складнік патрабаванняў страйкаму.

12.35  Намеснік па вытворчай частцы, які ўваходзіць у склад пазоўшчыкаў, заяўляе, што яшчэ ідзе разгляд паводзінаў некаторых працоўных і будзе давацца ацэнка іх дзеянняў. Ён заяўляе, што 17 і 18, падчас масавага страйку кіраўніцтва вырашыла зрабіць планавыя рамонты. Загрузка, паводле чыноўніка, складае 100%. Але шэраг замоваў былі адкладзеныя на восень.

12.27  Забастоўка, паводле Кісялёва, пацвярджаецца і публікацыямі СМІ.

Ідзе пытанне пракурора да пазоўшчыка, якую шкоду ўжо нанёс страйк прадпрыемству. Кісялёў кажа, што дакладных лічбаў няма. Прынамсі, яны ў яго адсутнічаюць. Пры гэтым Кісялёў кажа, што некаторыя рабочыя дагэтуль не выйшлі на працу. Ці звязана гэта з удзелам у стачкаме, Кісялёў сказаць не можа. І пры гэтым ніхто з кіраўніцтва не высветліў, чаму людзі адсутнічаюць на працы дагэтуль.

12.25 Кісялёў прадстаўляе спіс усіх страйкоўцаў. Баіцца даць тэчку на разгляд адказчыкам без свайго кантролю.

12.23 Суд адмаўляе, пакідаючы Казельку ў статусе простага слухача.

Пазоўшчык Кісялёў называе лічбы: 17 жніўня- 120 нявыхадаў на працу; 18 жніўня- 671 нявыхад на працу; 19 жніўня, па словах Кісялёва, пасля словаў кіраўніка ААТ Галаватага, прадпрыемства ўжо выйшла на планавыя паказчыкі.

12.20 Пазоўшчыкі, то бок прадстаўнікі выключна адміністрацыі „Беларуськалія”, пярэчаць і кажуць, што Казельку не трэба прадстаўляць нейкага працэсуальнага статусу. Адвакат хадайнічае аб наданні Казельку статусу сябра страйкама, дакладней, статусу адказчыка.

12.16 Сябра страйкама Сяргей Казелька просіць дапусціць яго да ўдзелу ў разглядзе справы. Пакуль шахцёр не гаворыць аб тым, што хоча быць адказчыкам, а кажа пра ўдзел у якасці зацікаўленай асобы. Суд кажа, што такой фармулёўкі няма. Пачынаецца абмеркаванне просьбы спадара Казелькі. Казелька кажа, што далучыўся да страйку, паколькі яму таксама не хочацца працаваць і небяспечна выходзіць на працу, пакуль збіваюць беларускіх дзяцей.

12.07 Пракурор чытае пункты справы.

11.59 Чаркасаў зноў хадайнічае аб адкладанні суда – не хапіла часу на разгляд усіх матэрыялаў.

11.57  Суд пачаўся зноў.

11.12 Але суд не бачыць падстаў для адкладання працэсу, называючы гэта спробай зацягвання. Аб’яўляецца толькі перапынак. 30 хвілін.

11.09 Адзін з адказчыкаў Чаркасаў кажа, што яго не апавясцілі пра ягоную ролю ў судзе і просіць адкласці судовае паседжанне, матывуючы гэта тым, што не паспеў азнаёміцца з пазовам. Калегі Чаркасава падтрымліваюць яго хадайніцтва, пазоўшчыкі не супраць.

11.02  Адвакат Шыца – Іўчанка.

10.57 Пазоўшчык Кісялёў просіць забараніць фота- і відэаздымку. Страйкамаўцы выступаюць супраць такой прапановы. Суддзя выносіць пастанову забараніць здымаць. „Гэта можа перашкодзіць нармальнай хадзе разбіральніцтва”.

10.52  Пракурор – Мандрыкава Святлана Аляксандраўна.

10.47 Прадстаўнікі адказчыка – страйкаму Беларуськалія: Шыц Сяргей Уладзіміравіч, руднік 4-га рудаўпраўлення, намеснік старшыні страйкавага камітэта. Таксама ёсць адвакат страйкама. Яшчэ адзін прадстаўнік – Чаркасаў Сяргей Міхайлавіч, сустаршыня страйкама, электрамеханік 2-га рудаўпраўлення.

10.44 Таксама на судзе прадстаўнікоў пазоўшчыка прадстаўляюць работніца аддзелу кадраў, намесніца кіраўніка 1-га рудаўпраўлення, а таксама адзін з ідэолагаў прадпрыемства.

10.43 Сілавікі затрымалі Інгу і Вераніку Ліндарэнкаў за плакат „Солигорск – соль земли”. Дзяўчыны перад будынкам суда былі ў памаранчавых касках.

10.40 Пачалося пасяджэнне. Пазоў аформіў Кісялёў Андрэй Віктаравіч. Начальнік юрыдычнага аддзелу „Беларуськалія”. Ён паказвае дакументы.

10.30 Ціхары затрымліваюць яшчэ адну дзяўчыну непасрэдна ў будынку і груба круцяць, бесцырымонна.

10.27 Ужо 3 чалавекі затрыманыя перад судом.

Сёння ў Менскім абласным судзе праходзіць першае пасяджэнне па іску пракурора вобласці Сяргея Хмарука, які просіць прызнаць незаконнай забастоўку шахцёраў ААТ „Беларуськалій”.

10. 15 Першае затрыманьне перад судом па справе „Беларуськалія” – затрыманы хлопец з плакатам „Нет насілію”.

***

Іскавая заява ў інтарэсах прадпрыемства накіраваная ў Менскі абласны суд 21 жніўня. Дакумент ёсць у распараджэнні БелаПАН. У ім адзначаецца, што 17 жніўня ў Салігорску прайшоў сход страйкавага камітэта ў складзе 14 работнікаў ААТ „Беларуськалій”, на якім былі зацверджаныя патрабаванні шахцёраў-страйкоўцаў.

Сярод патрабаванняў: прызнанне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі, прыцягненне Аляксандра Лукашэнкі і старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай да адказнасці за злачынствы супраць народа і фальсіфікацыю выбараў, вызваленне ўсіх палітвязняў і ўдзельнікаў мірных акцый, недапушчэнне прымянення мер адміністрацыйнага ўздзеяння да ўдзельнікаў забастоўкі. Шахцёры абвясцілі бестэрміновую забастоўку з 8.00 17 жніўня да выканання патрабаванняў страйкама.

„У перыяд з 17 жніўня на вытворчых участках ААТ „Беларуськалій” шэраг работнікаў прадпрыемства не выконвалі свае працоўныя абавязкі: не выходзілі на працу альбо не выконвалі працоўную функцыю, выстаўляючы вышэйназваныя патрабаванні”, — гаворыцца ў заяве пракурора. 18 жніўня аб правядзенні страйку быў праінфармаваны гендырэктар прадпрыемства Іван Галаваты.

Хмарук лічыць, што прыняцце рашэння аб забастоўцы і сама забастоўка праведзеныя з парушэннем патрабаванняў Працоўнага кодэкса. У прыватнасці, да абвяшчэння і правядзення страйку не было праведзена прымірэнчай камісіі, не выкананая працэдура прыняцця рашэння аб абвяшчэнні і правядзенні забастоўкі.

Рашэнне аб правядзенні забастоўкі, адзначае пракурор, прымаецца на сходзе ці канферэнцыі тайным галасаваннем. Рашэнне лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала не менш як дзве траціны прысутных работнікаў (дэлегатаў канферэнцыі). Сход лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічае больш за палову работнікаў, а канферэнцыя — не менш як дзве траціны дэлегатаў.

Акрамя таго, адзначае пракурор, патрабаванні, выстаўленыя падчас страйку, не звязаныя з вырашэннем калектыўнай працоўнай спрэчкі, а наймальнік не быў своечасова папярэджаны страйкамам аб правядзенні забастоўкі. Згодна з Працоўным кодэксам прадстаўнічы орган работнікаў абавязаны ў пісьмовай форме паведаміць аб рашэнні правесці страйк не пазней як за два тыдні да яго пачатку.

Хмарук просіць суд прызнаць рашэнне аб правядзенні забастоўкі і саму забастоўку, праведзеную з 17 па 19 жніўня, незаконнымі.

Адказчыкамі па іскавай заяве выступаюць сустаршыні страйкама Анатоль Бокун і Сяргей Шыц. Бокун зараз адбывае 15-сутачны адміністрацыйны арышт за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Раней ён быў аштрафаваны на 25 базавых велічынь (675 рублёў) — таксама за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

belapan.by