Навукоўцы і творчая інтэлігенцыя просяць міжнародную супольнасць дапамагчы ў вырашэнні крызісу ў Беларусі



 Беларускія навукоўцы і прадстаўнікі творчых прафесій просяць міжнародную супольнасць дапамагчы ў вырашэнні палітычнага крызісу ў краіне.

„Мы звяртаемся да ўсіх цывілізаваных краін, для якіх чалавечае жыццё і годнасць з`яўляюцца бясспрэчнымі каштоўнасцямі, што ляжаць у падмурках сацыяльнага жыцця, — гаворыцца ў адкрытым звароце. — Вы на ўласным досведзе ведаеце, што менавіта гэтыя падставовыя каштоўнасці дазваляюць вашым грамадствам развівацца. На прызнанні гэтых каштоўнасцяў будуецца палітычнае жыццё ў вашых краінах, якім бы супярэчлівым і канфліктным яно ні было. Прынцыпы справядлівасці і вяршэнства закона таксама абапіраюцца на прызнанне безумоўнай каштоўнасці чалавечага жыцця і годнасці”.

Падпісанты звароту падкрэсліваюць, што Беларусь з`яўляецца еўрапейскай краінай, народ якой „адкрыта і самааддана выступіў за абарону жыцця і годнасці грамадзян супраць аўтарытарнага рэжыму, які паказаў усяму свету, што ён гатовы адстойваць сваю ўладу ў краіне любой цаной”.

„Наш пратэст накіраваны супраць палітычнага ладу, пры якім дапушчальныя беззаконныя пераследы, збіццё, катаванні і фізічнае знішчэнне нявінных людзей. Дзеючая ўлада на чале з Аляксандрам Лукашэнкам сёння паслядоўна рэалізуе менавіта такую палітыку, дэманстратыўна ігнаруючы як нормы беларускай Канстытуцыі, так і міжнародныя пагадненні, якія датычацца выканання правоў чалавека”, — зазначаецца ў звароце.

Навукоўцы і прадстаўнікі творчых прафесій просяць аднадумцаў у міжнароднай супольнасці „аказаць дзейсную падтрымку беларускаму народу, якая дапаможа нам аднавіць у краіне законнасць дзеля забеспячэння бяспекі для ўсіх грамадзян і дзеля цывілізаванага будучыні для нашай краіны”. Каб гэта стала магчымым, лічаць яны, неабходна сумеснымі намаганнямі дамагчыся спынення ў краіне гвалту, вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, а таксама правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў.

„Мы ўпэўненыя, беларускае грамадства гатова самастойна вырашаць будучыню сваёй краіны, і спадзяемся на ваша садзейнічанне ў ініцыяванні перамоўнага працэсу паміж Каардынацыйнай радай і з прадстаўнікамі дзейнай улады. Толькі мірныя перамовы змогуць вярнуць краіну ў рэчышча законнасці і прыхільнасці гуманістычным каштоўнасцям”, — гаворыцца ў звароце.

На дадзены момант зварот падпісалі паўтара дзясяткі чалавек, сярод якіх нобелеўскі лаўрэат па літаратуры, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Святлана Алексіевіч, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, гісторык мастацтва і культуролаг Сяргей Харэўскі, незалежны выдавец Ігар Логвінаў, метадолаг і філосаф Уладзімір Мацкевіч, сацыёлаг Таццяна Вадалажская, пісьменнік і выкладчык Ганна Севярынец, мастак Руслан Вашкевіч.

Зварот адкрыты для новых падпісантаў.

belapan.by