Іллі Салею абраная мера стрымання — узяцце пад варту
У дачыненні да Іллі Салея, юрыста штаба Віктара Бабарыкі і аднаго з адвакатаў члена прэзідыума Каардынацыйнай рады (КС) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Марыі Калеснікавай, 11 верасня абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.
Як паведаміў БелаПАН яго бацька і адвакат Васіль Салей, сёння скончыліся 72 гадзіны з моманту затрымання сына, пасля чаго прымаецца рашэнне аб вызваленні альбо ўзяцці пад варту.
Салей-малодшы знаходзіцца ў статусе падазраванага па справе, распачатай паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
„З ІЧУ на Акрэсціна яго пераводзяць у СІЗА на вуліцы Валадарскага, — сказаў Салей-старэйшы. — Там ён будзе чакаць выстаўлення абвінавачання”.
Ілля Салей быў затрыманы раніцай 9 верасня, у яго кватэры правялі вобшук. У гэты ж дзень у Мінску па той жа крымінальнай справе быў затрыманы член прэзідыума КР юрыст Максім Знак. Тады стала таксама вядома, што затрыманая напярэдадні на беларуска-ўкраінскай мяжы Марыя Калеснікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Мінску. Увечары з санкцыі пракурора Калеснікавай і Знаку была абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.
Справа на падставе ч. 3 арт. 361 КК была распачатая па факце стварэння Каардынацыйнай рады, сфармаванай з ініцыятывы былога кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Марыю Калеснікаву, Максіма Знака і Іллю Салея палітычнымі зняволенымі.
Фота: штаб Віктара Бабарыкі