Генпракуратура хоча караць бацькоў за ўдзел іх дзяцей у пратэстах
Генпракуратура Беларусі ініцыюе ўзмацненне адказнасці бацькоў за супрацьпраўныя паводзіны дзяцей. Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук, піша БелТА.
Паводле Стука, дзейнасць органаў па прыцягненню бацькоў да адказнасці за ўдзел іх дзяцей у незаконных масавых мерапрыемствах «прызнаная недастатковай». На думку пракурора, стварэнне бацькамі сітуацыі, калі здароўю і нават жыццю дзяцей пагражае небяспека, а таксама факты прыцягнення саміх бацькоў да адміністратыўнай і іншай адказнасці з’яўляюцца адным з паказнікаў сямейнага няшчасця і могуць прывесці да ахоўных захадаў у адносінах да дзяцей.
«Адначасова пракуратура паставіла пытанне аб прыцягненні да адказнасці бацькоў за неналежнае выхаванне дзяцей, якія ўчынілі правапарушэнні, а таксама іх знаходжанне ў начны час без суправаджэння дарослых», – адзначыў намеснік генпракурора.
Аляксей Стук дадаў, што больш за 200 пратаколаў аб адміністратыўных правапарушэннях складзена ў дачыненні непаўналетніх за ўдзел у пратэстах.
Беларускае Радыё Рацыя