Алітус і Смаргонь – гарады-пабрацімы! Усё жыццё – тэатр!



Восень – пара творчая, а адкрыццё тэатральнага сезону – важная падзея для чалавека… Чалавека інтэлігентнага, безумоўна! Многім тэатралам у гэтым сезоне будзе не хапаць “Купалаўскага”! Зрэшты, людзям інтэлігентным і неабыякавым (а гэта не такое ўжо рэдкае спалучэнне, як выявілася) у нашы дні не да тэатру.

А дзесьці там, непадалёк ад нашых межаў, жыццё ідзе ў звычайным рэжыме… Гарадскі тэатр у Алітусе распачаў сезон акцыяй у падтрымку купалаўцаў… Новы тэатральны сезон артысты прэзентавалі жэстам падтрымкі купалаўцаў і Беларусі. На пляцы перад тэатрам яны паставілі партрэты актораў і рэжысёраў Купалаўскага тэатра. Тамсама літоўскія артысты чыталі вершы Янкі Купалы па-беларуску і па-літоўску. Стылёва. Годна. Сучасна.

Добра вядома, што большая частка актораў і супрацоўнікаў Купалаўскага тэатра звольніліся пасля звальнення з пасады дырэктара Паўла Латушкі, які выказаўся супраць гвалту сілавікоў і падтрымаў мірныя пратэсты. У тэатры засталося толькі 15 артыстаў, і большая частка з іх даўно не ўдзельнічала ў пастаноўках… Новая (напрошваецца слова “акупацыйная”!) адміністрацыя заявіла: да канца лістапада сезон адкрыты не будзе. Ён у любым выпадку сарваны – гэты юбілейны сезон “Купалаўскага”! Прыемна, што літоўцы падтрымалі нашых артыстаў…

Літоўскі Алітус – пабрацім беларускага горада Смаргонь. Паміж імі 180 км, а насамрэч – прорва. Поўная адсутнасць творчага і мастацкага вальнадумства на Смаргоншчыне.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ