Amnesty International: У Беларусі парушаюцца асноўныя правы чалавека



Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International абнародавала справаздачу аб стане правоў чалавека ў 160 краінах свету. У справаздачы сярод самых сур’ёзных праблемаў адзначаецца канфлікт ва Украіне і звужэнне прасторы для свабоды выказвання ў Расеі і ў краінах Цэнтральнай Азіі.

У раздзеле, прысьвечаным Беларусі, адзначаецца, што гэта — адзіная краіна ў Еўропе, дзе працягвае выконвацца смяротнае пакаранне. Права на свабоду выказвання ў Беларусі жорстка абмежаванае, журналісты зазнаюць пераслед. Свабода сходаў па-ранейшаму жорстка абмежаваная.

У справаздачы адзначаецца, што летась тры асобы ў Беларусі былі пакараныя смерцю. У красавіку ўлады пачалі выкарыстоўваць пераслед пазаштатных журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ. Паводле ўладаў, яны павінны акрэдытавацца ў якасці замежных журналістаў у МЗС. 4 журналісты цягам году былі аштрафаваныя на сумы, эквівалентныя 450 далярам. У справаздачы таксама  прыгадваюцца масавыя арышты ўдзельнікаў „Чарнобыльскага шляху”, прэвентыўныя затрыманьні напярэдадні і падчас правядзеньня чэмпіянату свету па хакеі ў Менску, пераслед палітычнага актывіста Юрыя Рубцова, які напрыканцы года быў асуджаны да турэмнага зняволення па абвінавачванні ў абразе суддзі.

Amnesty International нагадвае, што вязень сумлення і былы кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч, асуджаны на 6 гадоў у 2011 годзе, з 2012 года знаходзіцца ў калоніі строгага рэжыму.

Справаздача таксама адзначае справу беларускай праваабаронцы, грамадзянкі Расеі Алены Танкачовай, якой, паводле фармальнай падставы, быў скасаваны дазвол на жыхарства ў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя