Нядзельны Марш герояў у Менску (абноўлена)



20.00. Марш у Менску завяршыўся. Упершыню за ўвесь час пратэстаў людзі дайшлі 13 верасня да Драздоў – кварталу, дзе адна з рэзідэнцый Лукашэнкі і дзе жыве шмат прыўладнай наменклатуры. Дэманстранты падышлі да даму Ярмошынай, дзе іх абстралялі святлошумавымі гранатамі. Аднак людзі паспелі пакінуць плакаты ля дому галоўнай фальсіфікатаркі выбараў.

19.40. Паводле інфармацыі МУС у розных раёнах сталіцы затрымана больш 400 чалавек.

Сёння ў Беларусі людзі выйшлі на Марш герояў не толькі ў Менску, але і ў Гомелі, Гародні, Наваполацку, Магілёве, Берасці, Віцебску, Лідзе, Жодзіне.

19.35. На Пушкінскай, дзе заставалася шмат пратэстоўцаў, пачаліся затрыманні.

19.20. Дэманстранты ў Менску прапусцілі грамадскі транспарт. Многія людзі ўжо разыходзяцца.

19.05. Ад Пушкінскай дзясяткі тысяч маніфестантаў пайшлі ў бок вуліц Матусевіча і Альшэўскага. Рух транспарту перакрыты, людзі махаюць сцягамі, машыны сігналяць.

18.47. На праспекце Пушкіна людзі пачынаюць разыходзіцца. Але некалькі тысяч усё яшчэ працягвае рух па праезнай частцы. Каля метро „Пушкінская” людзі ідуць ужо толькі па ходніках.

18.20. Некалькі тысяч людзей пайшло ў бок Пушкінскай, а дзясяткі тысяч знаходзяцца ля стэлы, каля музея вайны.

18.05. Калона ад гандлёвага цэнтру „Арэна-Сіці” пайшла назад у бок вуліцы Пушкінскай зваротным маршрутам. А ў Драздах мітынгоўцаў разганялі святлошумавымі гранатамі.

17.50. Частка людзей перамяшчаецца па праспекце Пераможцаў, частка людзей імкнецца абысці сілавікоў праз Універсітэт Фізкультуры.

17.45 На вуліцы Нарачанскай адбыліся масавыя затрыманні, калі людзі хацелі абысці кардон амапаўцаў.

17.36. Удзельнікі маршу спрабавалі абысці кардон сілавікоў праз ГЦ „Арэна-сіці”. Але амапаўцы заблакавалі некалькі ўваходаў у гандлёвы цэнтр.

17.17. Пратэстоўцы спрабавалі абысці сілавікоў праз ГЦ «Арэна-Сіці». Сілавікі заблакавалі некалькі ўваходаў у ГЦ. Сюды падагналі чатыры вадамёты і некалькі аўтазакаў.

17.14. Калона пратэстоўцаў пераходзіць з Арлоўскай на праспект Пераможцаў.

16.45. На Горкага ў Гародні, дзе ўжо былі затрыманні, вярнуліся аўтазакі і мікрааўтобусы з зацемненым шклом. Некалькі сілавікоў абследуюць двары.

16.34 Хвост калоны, якая рухалася з Кальварыйскай, павярнуў на праспект Пушкіна. Большасць кафэ на скрыжаванні зачыненыя па тэхнічных прычынах. Частка дэманстрантаў застаецца на Пушкінскай, яны размясціліся на газонах. На праспект, каб падтрымаць пратэстоўцаў, выйшлі пенсіянеркі з мяккімі цацкамі. Людзі крычаць «Бабулі з народам!» Людзі пачалі спяваць вядомую ваенную песню «Свяшчэнная вайна».

16.30 Насупраць Дома футбола сілавікі са шчытах адціснулі групу пратэстуючых, пасля пад’ехалі аўтазакі і пачаліся затрыманні.

16.25 У раёне вуліцы Нававіленскай 48, калона пратэстуючых сустрэлася з сілавікамі. Байцы ўнутраных войскаў узброены, паведамляе карэспандэнт TUT.BY.

16.02  Больш за 40 хвілін калона рухаецца па Кальварыйскім мосце, хваста калоны ўсё яшчэ не відаць. Людзі занялі праезную частку вуліцы Кальварыйскай з боку ВК «Каскад». Побач Менскае абласное аддзяленне міліцыі, але сілавікоў на вуліцы не відаць. Асобныя калоны рухаюцца ў Мінск-Арэны, па вуліцы Арлоўскай.

15.49 Калона пратэстуючых рухаецца да праспекта Пушкіна. Галава калоны ўжо ў раёне метро „Пушкінская”.

15.39 Выгляд зверху на праспект пераможцаў у раёне «стэлы Мінск – горад-герой”.

15.25 Частка людзей прайшла перакрытую Ціміразева і рухаецца далей, у напрамку да «Пушкінскай». Шмат людзей па Арлоўскай рухаецца да Пераможцаў.

15.21 Так выглядаюць брутальныя затрыманні на вуліцы Мельнікайтэ.

15.06  На праезнай частцы праспекта Пераможцаў ужо каля 10 тысяч чалавек. Людзі ідуць у бок стэлы «Мінск – горад-герой”. Частка людзей павярнула на Машэрава і рухаецца ў бок Ціміразева.

У цэнтры горада адключаны мабільны інтэрнэт.

14.57 Некалькі дзясяткаў чалавек былі затрыманыя ў кавярні «Збожжа», паміж плошчай Перамогі і плошчай Якуба Коласа.

14.47 Так затрымлівалі людзей ля ГЦ «Галерэя».

14.42  Частка людзей, якая пайшла ад ГЦ «Галерэя», па вуліцы Абойнай дайшла да кінатэатра «Беларусь», дзе злучылася з іншымі пратэстоўцамі.

14.17  Па праспекце Незалежнасці ў бок плошчы Перамогі праехала калона аўтазакаў і ваенных аўтамабіляў з людзьмі. На скрыжаванні каля цырка сабралася некалькі сотняў людзей. Яны пачалі рух па Купалы ўздоўж парку ў бок Багдановіча.

У Менску Кастрычніцкая плошча за некалькі гадзін да пачатку чарговай нядзельнай акцыі прыхільнікаў перамен перакрытая металічнымі турнікетамі і загародай з калючага дроту. Таксама па перыметры плошчы выстаўленае ачапленне з ваенных.

Плошчы Перамогі і Незалежнасці абгароджаныя металічнымі канструкцыямі. У раёне плошчы Незалежнасці дзяжураць узмоцненыя нарады міліцыі.

Каля ГУМа і Нацбанка знаходзяцца групы сілавікоў у чорнай форме са шчытамі, у бронекамізэльках і шлемах.

На вуліцы Камсамольскай насупраць КДБ знаходзяцца сілавікі ў поўнай амуніцыі, па абодва бакі — спецтэхніка: аўтазакі, мікрааўтобусы.

Таксама сілавікі выстаўленыя на ўсіх скрыжаваннях з праспектам Незалежнасці ў цэнтры Менска.

14.11 Некалькі сотняў чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі сабраліся на скрыжаванні Нямігі і Пераможцаў. Пасля калона пайшла ў бок Палаца спорту.

14.06  На праспекце Дзяржынскага 10 бусаў без нумароў, каля пяці ваенных машын, спецназ у форме ўнутраных войскаў – каля 50 чалавек. Праваахоўнікі гоняць людзей па праспекце ад цэнтра. Па словах відавочцаў, затрымалі больш за 20 чалавек – і мужчын, і жанчын. Сілавікі пакідаюць месца дыслакацыі, накіроўваюцца ў бок Нямігі.

Калону з некалькіх соцень чалавек спынілі сілавікі каля моста ў пачатку праспекта Дзяржынскага, дзе стаяла некалькі аўтазакаў, мікрааўтобусаў. Ёсць затрыманыя. Людзі разбегліся.

13. 48 Дзесяткі невядомых у балаклавах і людзей у ахоўнай экіпіроўцы і шлемах атачылі мінімум некалькі дзясяткаў чалавек. Пачаліся затрыманні. Як паведамляе карэспандэнт TUT.BY, мужчын вядуць у мікрааўтобусы без нумароў з заламанымі за спіной рукамі.

На Маякоўскага невядомыя ў балаклавах, са зброяй і дубінкамі, затрымалі некалькі чалавек, якія ішлі па вуліцы з бел-чырвона-белымі сцягамі.

У цэнтры Менска ўжо з самай раніцы ідзе перакрыцце асноўных плошчаў. У прыватнасці, плошча Незалежнасці, як і на мінулым тыдні, перакрытая агароджай, вайскоўцы і амапаўцы ўжо знаходзяцца на вуліцах і ў спецтранспарце. Таксама чакаецца, што да будынка КДБ Беларусі падгоняць вадамёты.

За ноч у Менску з’явіліся дзве новыя плошчы.

***

У Менску збіраецца вялікі нядзельны марш. Пачатак маршу – а 14-й гадзіне. Сёння ён праходзіць пад лозунгам „Не дамо прадаць краіну!” Маршы пратэсту пройдуць і ў іншых гарадах Беларусі.

Раніцай над будынкамі Менска з’явіліся бел-чырвона-белыя сцягі.

фота svaboda.org

Беларускае Радыё Рацыя