На Лідчыне ўсталявалі крыж-абярэг



У мястэчку Беліца, што на Лідчыне, з’явіўся вялікі шасціканцовы крыж-абярэг. Яго ўсталяваннем займаліся мясцовыя актывісты, якім дапамагала каманда актывістаў з Гародні.

Пра крыж распавядае ветэран беларускага адраджэння, сябра ТБМ Станіслаў Суднік:

– У беларускай традыцыі – гэта крыж-абярэг. Гэта крыж, якім мы хочам падзякаваць Богу, за тое, што першая хваля пандэміі прайшла больш менш, не зусім удала, але не з такімі ўжо вялікімі стратамі, як магло быць. І далей папрасіць Божай ласкі на тое, каб наступныя хвалі, калі яны будуць, закранулі нас як можна меней.

Пра асаблівасці ўсталявання крыжа распавядае мясцовы жыхар Беліцы, актывіст Сяргей Трафімчык:

– Было праблематычна, каб атрымаць дазвол. Сабраліся мясцовыя актывісты. Гарадзенскія прыязджалі і дапамагалі. Некалькі дзён заняла праца. Спачатку падмурак зрабіць, затым усталяваць сам крыж.

РР: Ці цяжка было дамаўляцца з уладамі?

– Спадар Суднік звычайна ў выканкаме вырашае ўсе гэтыя пытанні. Асаблівых не было праблем. Але яны выставілі свае ўмовы, каб не было ніякага ўра-патрыятычнага ажыятажу, каб пры асвячэнні прысутнічаў і праваслаўны святар, а не толькі каталіцкі. У астатнім прыйшлі да згоды.  

Святары Уладзімір Камінскі і Віктар Савіцкі асвяцілі гэты крыж, а напрыканцы асвячэння прагучаў гімн “Магутны Божа” па-беларуску.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча